Мечыслаў Грыб: Мы не маглі адмовіць Лукашэнку ў рэферэндуме


Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб у эксклюзіўным інтэрвю распавёў belsat.eu, чаму ў 1996 годзе Вярхоўны Савет не спыніў Лукашэнку, і як рэкамендацыйныя вынікі рэферэндуму сталіся абавязковымі.

Злачынныя вытокі дзяржаўнасці

– Чаму Вярхоўны савет прыняў прапанову прэзідэнта пра рэферэндум, і ці маглі бы парламентарыі гэтага не рабіць?

– Яшчэ ў 1994 годзе, пасля інаўгурацыі, Лукашэнка прыйшоў да нас у Вярхоўны Савет і заявіў просьбу прыняць рашэнне пра наданне ягоным указам заканадаўчае моцы. Мы параіліся, адкрылі Канстытуцыю 1994 года, і паказалі яму, што адзіным заканадаўчым органам краіны з’яўляецца Вярхоўны Савет, а ўносіць змены ў Канстытуцыю мы не можам. Вядома, ён на нас пакрыўдзіўся, але нічога зрабіць не мог.

Угодкі Дэкларацыі аб суверэнітэце, мітынг на праспекце Скарыны. Фота vytoki.net

Потым ужо, у 1996 годзе, ад яго паступіла канкрэтная прапанова ўнесці дапаўненні ды змены ў Канстытуцыю, каб надаць ягоным указам заканадаўчую моц. Камісія гэтую заяву разгледзела і прыйшла да высновы, што прыняць гэта немагчыма, бо гэта парушае ўсе нормы і правілы.

Розуму ў нас тады, натуральна, не хапіла, стварыць нейкую камісію, пацягнуць час, і мы яму адразу адмовілі. Пасля чаго ён і ўнёс прапанову пра рэферэндум.

І ён гэта права меў, і ён там нічога не парушыў і дзейнічаў згодна з Канстытуцыяй. І мы не маглі яму ні адмовіць, ні нават рэдагаваць ягоныя пытанні, таму што гэта было ягонае права. Мы былі абавязаныя вызначыць дату правядзення – вось і ўся нашая місія. Ён прасіў правесці 7-га лістапада, і, напэўна, гэта быў такі манеўр, каб перанакіраваць увагу ад пытанняў, вынесеных на рэферэндум, да тэрміна яго правядзення.

Адзінае, што мы маглі зрабіць – узбудзіць хадайніцтва перад Канстытуцыйным судом, каб той вызначыў: змены ў Канстытуцыю мусяць мець абавязковы характар ці дарадчы? Суд пастанавіў, што гэтыя пытанні могуць быць толькі дарадчымі. І ў бюлетэнях тады гэта адзначалася. І прэзідэнт з гэтым быў згодны. А пасля рэферэндуму ўсё змянілася. І ўсё дарадчае сталася абавязковым.

«Улада ішла напралом»

– Шмат што казалі пра масавыя фальсіфікацыі падчас рэферэндуму – як сапраўдны стан рэчаў суадносіўся з афіцыйнымі лічбамі?

– Згодна з заявамі былога старшыні ЦВК Ганчара, рэферэндум падрыхтоўвалі ды праводзілі з велізарнымі парушэннямі. Ён заявіў, што ЦВК, без ягонага ведама і ўдзелу, недзе вырабляе бюлетэні. Ён не ведаў, дзе і за якія сродкі, як, у якой колькасці, якім чынам іх развозілі па ўчастковым камісіям – усё рабілі патаемна. За некалькі дзён да рэферэндуму ён заявіў, што пратакол не падпіша. Вядома, гэта было адважнае і адчайнае, але ненармальнае і паспешлівае палітычнае рашэнне – трэба было дачакацца канца рэферэндуму. Але ён не думаў, што так з ім паступяць – служба бяспекі прэзідэнта ўзяла яго за рукі-ногі ды выкінула з выбаркаму, паставіўшы іншую асобу (Ярмошыну – заўв.рэд.).



Тады і жук, і жаба крычалі пра разнастайныя парушэнні, але ўлада не звяртала на гэта аніякай увагі ды ішла напралом.

– Пасля таго, як быў распушчаны Вярхоўны савет, якія ў вас былі эмоцыі?

– Мы пачуваліся прыніжанымі, абражанымі, самым грубым чынам падманутымі. Але мы не збіраліся падаць духам і сыходзіць – да 2000-га года і надалей частка нашага парламента працавала ў новым фармаце. Вядома, мы не мелі заканадаўчых паўнамоцтваў, але мы збіраліся, праводзілі сходы, абмяркоўвалі пытанні… У гэтай групы выгнаных і непадпарадкаваных дэпутатаў захавалася воля да супраціву і аб’яднанню.

«Апазіцыя, адмовіўшыся ад барацьбы за Канстытуцыю 1994, вельмі шмат чаго страціла»

– Аднойчы Вы сказалі, што дзейную Канстытуцыю па сваёй дэмакратычнасці нельга параўнаць нават з варыянтам часоў СССР – чаму?

– Тыя Канстытуцыі былі даволі дэмакратычнымі – там усё было прапісана, правы і свабоды дэклараваліся. А ў рэдакцыі 1996 года гэтага няма: няма функцыі падзелу ўлады, на першым месцы прэзідэнт і ягоная ўлада. Там ад прэзідэнта сталі адрастаць тры галіны ўлады – выканаўчая, заканадаўчая ды судовая – гэта наагул нешта новае. А ў савецкіх Канстытуцыях 6-ы артыкул замацоўваў уладу не за адной асобай, а за партыяй – гэта была таталітарная ўлада таксама, але 20-ці мільённай партыі, а не аднаго чалавека.

– У гадавіну рэферэндуму Мікалай Статкевіч зладзіў акцыю – што Вы пра гэта думаеце?

– Акцыі, напэўна, патрэбныя, іх трэба праводзіць – народ мусіць выказваць сваё меркаванне. Але калі акцыі робяцца дзеля таго, каб крыху папіярыць саміх арганізатараў – гэта адно, калі ўсё ідзе ад народа – гэта іншае.

– Ці, на вашую думку, магла гэтая акцыя ісці ад народа?

– Думаю, што не. Ну, колькі было на гэтай акцыі людзей? Думаю, вельмі мала – пра што мы тут можам размаўляць? Нашыя людзі дзесяцігоддзямі выхоўваліся ў сістэме таго, што Канстытуцыя ёсць Канстытуцыя – яна дэкларуе права і так далей, але жыццё ёсць жыццё, і людзі згодна з Канстытуцыяй – нават з гэтай – не жывуць. Яны жывуць паводле ўказаў і загадаў.

– У 1997 годзе за ўдзел у мітынгу ў абарону Канстытуцыі-94 Вас аштрафавалі на 800 долараў і забралі адвакацкую ліцэнзію – чаму сёння сярод апазіцыі ніхто не кажа пра тую Канстытуцыю?

– Апазіцыя, адмовіўшыся ад барацьбы за Канстытуцыю ў рэдакцыі 1994-га, вельмі шмат страціла. І недзе ў 2005-06 гадах Канстытуцыю перасталі ўзгадваць – быццам яе і не было, быццам усіх задавальняе яе новая рэдакцыя.

Я казаў, нагадваў, намагаўся, але сам я шмат зрабіць не быў у стане. Чамусьці ўсе ад яе адвярнуліся, нават тыя, хто яе распрацоўваў. Часам нехта прыгадае, але каб змагацца за Канстытуцыю – усё неяк заглухла.

«Мы надакучылі Захаду сваймі праблемамі, яны на нас ужо глядзець не могуць!»

– Лукашэнка выйграе, не прымаючы ў разлік ні апазіцыю, ні санкцыі ды рэкамендацыі міжнародных арганізацыяў. Чаму?

– У свеце цяпер зусім іншы час. І Лукашэнка ў гэтых пытаннях далёка не адзіны. Вазьміце ўсе рэспублікі на постсавецкай прасторы – і ў Расеі тое ж самае адбываецца, і паўсюль – можа, недзе больш дыскрэтна, больш хітра. Вазьміце азіяцкія рэспублікі – усё тое ж самае адбываецца. Час такі. І ніхто нічога зрабіць не можа. Захад і Еўропа, што бы яны ні рабілі, скажуць: «Ваш народ так вырашыў – так і жывіце». І ніхто ні за каго не прыйдзе мяняць уладу, не прынясе перамены – хочаце так жыць, то жывіце. Могуць казаць, асуджаць, прымаць заявы – не больш. І ім мы ўжо ўсе надакучылі, яны на нас ужо глядзець не могуць, мне так падаецца…

– Ці Лукашэнка моцны палітык?

– Я б сказаў, што Лукашэнка – моцная, харызматычная асоба. Але я хутчэй бы аднёс яго да таленавітых і вялікіх папулістаў.

– Які занятак пасаваў бы найбольш для таленавітага ды вялікага папуліста?

– Папулізм у міжнароднай палітыцы сёння даволі модны. Узровень палітыкаў рэзка пайшоў уніз. Мы сёння чуем кіраўнікоў вялікіх і малых краінаў, якія апускаюцца да вельмі нізкага ўзроўню – раней гэта было немагчыма. І Хрушчоў, які зняў чаравік і стукаў ім па трыбунах – гэта было ого-го. А сёння гэта – дзіцячае свавольства, у параўнанне з тым, што робяць некаторыя кіраўнікі. Свет змяніўся, на жаль, не ў лепшы бок – кіраўнікі страцілі маральны ды ідэалагічны ўзровень прыкладу для свайго народа. Перайшлі на нейкі практыцызм. Грошы, грошы, крэдыты любым шляхам, дзе заўгодна, са сваіх ці з чужых, падман ці не падман – абы была выгада. І гэта не толькі ў нас, а паўсюль.

Яўген Балінскі, belsat.eu

.

Стужка навінаў