Мазырскі спіртагарэлачны завод банкрутуе


Банкрут ці не банкрут? Якое рашэнне адносна далейшага лёсу Мазырскага спіртагарэлачнага заводу ўхвалілі акцыянеры ў часе пазачарговага сходу яшчэ 3 лютага, афіцыйна невядома. Між тым у шэрагу медыяў зʼявілася інфармацыя, што прадпрыемства, якое ўваходзіць у васьмёрку найбуйнейшых айчынных вытворцаў алкаголю, рыхтуе заяўку ў Эканамічны суд аб прызнанні ўласнага банкруцтва. На прадпрыемстве, куды і выправіўся «Белсат», аднак, гэтыя звесткі зняпраўджваюць.

ТАЦЦЯНА ЖЫЛЬСКАЯ, ЭКАНАМІСТКА, МАЗЫРСКІ СПІРТАГАРЭЛАЧНЫ ЗАВОД:

«Мы не банкрутуем. Мы збіраемся падаваць дакументы на санацыю – гэта дзве розныя справы».

Белсат: «То бок, усё нармальна?»

Т.Ж.: «Усё нармальна».

Белсат: «А людзі дзе? Рабочыя занятыя нармальна? Поўны працоўны дзень?»

Т.Ж.: «Поўны працоўны дзень: з паловы на дзявятую да паловы на шостую этээраўцы нашыя працуюць».

Белсат: «А рабочыя?»

Т.Ж.: «Рабочыя па зменах выходзяць, па суботах таксама – усё працуе!»

ПРАЦАЎНІК ЗАВОДУ:

«Гэтую пляцоўку – 150 га – трэба калектыву ўтрымліваць! Патрэбная гэтая пляцоўка заводу? Яна не патрэбная!».

Калісьці адзін з савецкіх гігантаў, гэты завод спецыялізаваўся на вытворчасці кармавых дрожджаў. Аднак па прыходзе на прэзідэнцтва, Лукашэнка, як і абяцаў, пераарыентаваў прадпрыемства на выраб этылавага спірту, віна і гарэлкі. Агромністая тэрыторыя, прыстасаваная для вытворчасці дрожджаў, аказалася незапатрабаваная, абсталяванне прастойвае і гібее.

Абцяжараны вялізнымі падаткамі за плошчы, якія фактычна не выкарыстоўваюцца, завод паступова сышоў у глыбокі мінус. 2014-ы год прадпрыемства закончыла з чыстымі стратамі амаль на 47 мільярдаў рублёў, а толькі за дзевяць леташніх месяцаў – напрацавала ў мінус яшчэ на 35 мільярдаў. У дадатак завод мусіў выплаціць 25,5 мільярдаў рублёў недаплачаных падаткаў, за якія былога дырэктара прадпрыемства паўгода таму адправілі ў турму.

ІГАР ГЛІНСКІ, ІНЖЫНЕР, МАЗЫРСКІ СПІРТАГАРЭЛАЧНЫ ЗАВОД:

«Завод не плацёжаздольны на сённяшні дзень. Перспектыва ёсьць. Вось мы зараз са спецыялістамі збіраемся, распрацоўваем план аздараўлення, які будзе рэалізаваны. І на прадпрыемстве, спадзяюся, усё будзе добра».

Цяпер прадпрыемства чакае санацыя, то бок спроба аднаўлення яго плацежаздольнасці – найперш праз развязанне пытання непатрэбных плошчаў. Паводле працаўнікоў, для вырабу алкагольных напояў ім дастаткова і 12-ці гектараў замест паўтары сотні наяўных. Папярэдняя захада – улучэнне ў дзяржаўны холдынг, створаны на ўказ Лукашэнкі на базе «Менск Крышталю», – плёну не дала.

belsat.eu

Стужка навінаў