Мая Кацыянчыч: Без электаральных рэформаў немагчымы дэмакратычны працэс


Газеты, што выйшлі ў Бельгіі на наступны дзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: «Дэ Морхэн», «Ле Суар», «Дэ Стандаард», гэтак званыя «кўоліці мэдыя» – «якасныя медыі», ніяк не згадалі парламенцкіх выбараў у Беларусі. Алесь Сіліч узяў эксклюзіўнае інтэрвю ў прэс-сакратаркі вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі Маі Кацыянчыч.

– Спадарыня Мая, чаму замежная, прынамсі, бельгійская прэса праігнаравала выбары ў Беларусі?

– Выбары ў Беларусі міжнародная прэса не праігнаравала, тут я з Вамі не згодная, мы бачылі артыкулы ў прэсе… Можа, некаторыя медыі і не заўважылі гэтай падзеі: парламенцкія выбары ў Беларусі, тут я з Вамі згаджуся, былі не самай яркаю падзеяй у свеце ў той дзень, але ў любым выпадку мы вельмі ўважліва чыталі ўсе артыкулы ў прэсе ды сачылі за гэтымі выбарамі вельмі рупліва.

– Мусіць, у сувязі з такою руплівай увагаю з вашага боку, а таксама з прычыны затрымання высноваў АБСЕ афіцыйны «стэйтмэнт» Еўразвязу пра выбары ў Беларусі выйшаў са спазненнем… У чым сутнасць гэтай заявы ЕЗ?

– Еўрапейскі Звяз, паўтаруся, вельмі ўважліва і ў дэталях адсочваў усё, што звязана з арганізацыяй парламенцкіх выбараў у Беларусі. Назіральная група АБСЕ сачыла за выбарамі, а мы потым знаёміліся з іхнаю справаздачай і з усімі папярэднімі заявамі ды высновамі. Заява ЕЗ адносна выбараў адзначае некаторыя намаганні, зробленыя ўладамі Беларусі ў кірунку асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў і, у той жа час, фіксуе вялікую колькасць сістэмных хібаў беларускае палітыкі, у тым ліку, напрыклад, у пытанні вельмі вузкіх прававых рамак, у якіх мусяць жыць грамадзяне, і якія часта абмяжоўваюць іхныя правы ды свабоды. Хачу адзначыць і той вельмі важны для нас факт, што шмат якія рэкамендацыі АБСЕ да ўладаў Беларусі гэтак і засталіся непачутыя. Што прымушае нас чарговы раз заклікаць кіраўніцтва Беларусі да неадкладных, тэрміновых, рэформаў выбарчае сістэмы ў адпаведнасці з гэтымі рэкамендацыямі АБСЕ.

Чытаце таксама >>> Міхал Боні: Мінуўшчына малюе карцінку, вельмі далёкую ад аазісу дэмакратыі ў Беларусі

– А якую рэакцыю з боку ўладаў Беларусі вы чакаеце ў адказ на гэтую заяву ЕЗ адносна беларускіх выбараў?

– Наш «мэсідж», нашае паведамленне вельмі яснае ды зразумелае: уладам Беларусі трэба прыкладаць далейшыя намаганні – і ў пытанні электаральных рэформаў, рэформаў выбарчага заканадаўства, і ў пытанні зрухаў наперад у тым, што датычыць павагі да прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека. Еўрапейскі Звяз падтрымлівае і будзе падтрымліваць Беларусь, яе дэмакратычную ды стабільную будучыню. Мы будзем працаваць разам з вашым кіраўніцтвам, каб ажыццяўляць нашае падтрыманне людзям, простым беларусам. Што яшчэ важна, дык гэта тое, што ў гэтай супрацы ляжыць ключ да развіцця поўнага патэнцыялу стасункаў паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю.

– Вы згадалі рэформы ў выбарчым заканадаўстве… Здаецца, пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў улады Беларусі абяцалі рэфармаваць выбарчае заканадаўства і зрабіць значныя крокі ў бок дэмакратызацыі Беларусі… Вы расчараваныя ці, наадварот, зачараваныя гэтымі зменамі?

– Сапраўды, значная колькасць рэкамендацыяў АБСЕ, а таксама Венецыянскай камісіі Рады Еўропы ў пытанні рэформаў выбарчага заканадаўства застаюцца праігнараваныя ўладамі Беларусі. Гэта азначае, што беларускаму кіраўніцтву трэба тэрмінова закасаць рукавы і працаваць у гэтым кірунку. Мы чарговы раз заклікаем іх неадкладна зрабіць гэта, бо спадзяемся, што яны ўсвядомяць: без электаральных рэформаў як часткі больш шырокіх намаганняў (і якія мусяць ажыццяўляцца як мага хутчэй) дэмакратычны працэс у краіне немагчымы.

– Па-рознаму ацэньваецца ўваход дзвюх апазіцыйных кандыдатак у склад «палаткі». Здаецца, ёсць нагода парадавацца, але штосьці ўсё роўна засмучае… Напрыклад, тое, што пераможцаў мала хто ведае, а вось вядомых апазіцыянераў, наадварот, з перамогай пракацілі. Ці не здаюцца Вам гэтая выбары гульнёю паводле сцэнару ўладаў Беларусі, у якую ўцягнулі, у тым ліку, і кіраўніцтва Еўразвязу?

– Мы знаёміліся з папярэднімі справаздачамі ды з заявамі назіральнікаў, якія былі беспасярэдне на месцы, ды мы, як я ўжо адзначыла, заўважылі шмат якія сістэмныя хібы ды парушэнні і ў тым, што датычыць правілаў правядзення выбарчай кампаніі, і ў тым, што датычыць прававых аспектаў выбараў, прававых межаў, – на ўсё гэта ўлады Беларусі мусяць, як мінімум, звярнуць сваю ўвагу. Таксама ёсць праўдаю, адбытым фактам тое, што ўпершыню за апошнія 12 гадоў дэмакратычная супольнасць, апазіцыйныя сілы маюць сваіх прадстаўнікоў у парламенце. Калі нават не ўзгадваць гэтага факту, хачу зноў нагадаць афіцыйнаму Менску пра выключную важнасць і неабходнасць правядзення ў краіне тэрміновых рэформаў! І ў шчыльнай супрацы з міжнароднымі партнёрамі!

– Нядаўна тут, у еўрапейскай сталіцы, пасля даволі доўгага перапынку адзначыўся на адным з самітаў ЕЗ міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей… Калі ўлады Беларусі будуць выконваць патрабаванні ЕЗ, ці варта чакаць у найбліжэйшай будучыні з афіцыйным візітам у Бруселі і Аляксандра Лукашэнку?

– Мы ўжо даволі ясна далі зразумець уладам Беларусі (скажу Вам толькі гэта), якімі мы бачым стасункі паміж ЕЗ і Беларуссю. Еўрапейскі Звяз ужо даўно і цвёрда азначыў свае чаканні наконт далейшых крокаў афіцыйнага Менску. І таму давайце спадзявацца на тое, што гэтыя крокі будуць урэшце зробленыя.

Алесь Сіліч, belsat.eu

Стужка навінаў