Маўчы, Касандра


Практычна любая спроба перасцерагчы людзей, схільных ігнараваць абʼектыўныя фактары рэчаіснасці дзеля самазадавальнення, аўтаматычна ператварае вас у ненавісную ўсім Касандру. І ня хочацца ж нікога расстройваць – гэтых шматлікіх маіх сяброў-аптымістаў. «Змена вектару набыла такую глыбіню, што вяртанне на папярэдні курс – малаверагоднае» – кажа адзін з іх, апісваючы сённяшняе менскае заваконне. Піша Міхась Янчук.

То бок цягам 21 году хітразачосаны калгаснік з пераменным поспехам экспартаваў на ўсход зборнік казак пра «славянскае сяброўства і заходні рубеж рускага міру» і раптам перавыхаваўся! Ну бо ж новая сітуацыя: ранейшы попыт на казкі там застаўся, але зваротны струмень дывідэндаў неяк абмялеў – і на стратны калгас ужо не хапае.

Што рабіць? – «Нада ідті туда, где нас ішчо ня знают!» – рэцэпт стары, як свет. Зборнік казак крыху рэдагуецца, новая вокладка друкуецца гатычным шрыфтам – і кідаецца на новы рынак збыту.

Але ж гэта не надта працуе на гэным рынку! Там, каб атрымаць зваротны струмень – трэба прыўнесці крыху готыкі ня толькі на вокладку сваіх казак, але і ў рэчаіснасць сваёй краіны. А рабіць гэтага – вядома, ну надта ж ня хочацца.

Новыя патэнцыйныя пакупнікі казак схАвалі вокладку, гартаюць зараз крыху падрэдагаванае аглаўленне – але калі дойдуць да старога зместу калгаснай кніжкі – усё непазбежна вернецца «на кругі свая». І зноўку наш абіжаны пабяжыць на паклон у першапрастольную скардзіцца на вераломных тэўтонцаў, што не разумеюць ягонай тонкай душэўнай арганізацыі інтэграста бульдога з насарогам.

Вясковаму алкаголіку цяжка паверыць, што Маня ў сельмагу перастала ямо ўжо наліваць у крэдыт. Ён будзе шукаць падыходаў да Яні з чыгуначнай крамы ў суседняй вёсцы, і нават да Тані ў райцэнтраўскай райспажыўсаюзнай. Але алкаголікам ён застаўся, а рэцэпт антыалкагольнай тэрапіі, напісаны незразумелай для ягонага савецкага сэрца готыкай так і застанецца толькі рэцэптам – а не «глыбокаю зменаю вектара», як падаецца некаторым маім сябрам.

Таму, шаноўная сямʼя алкаголіка – рыхтуймася. Мая дасведчаная ўнутраная Касандра падказвае, што нас зноў хутка пачнуць тыраніць старым калгасным макарам. Ну – а што – мы ж прывыкшы. І будзем далей гуляцца ў выбары. На гэты раз – праўлення калгасу. А пасля зноў – перавыбары старшыні. І так ажно пакуль мы ўрэшце ўсім мірам не ўчытаемся ў готыку – а асабліва ў раздзел пра асінавы кол. Вось гэта і будзе тая самая глыбокая змена вектара. Галоўнае, каб не на Віктара.

Міхась Янчук, belsat.eu

Стужка навінаў