Маці Жызнеўскага: «Муж доўга плакаў. А потым сказаў, што паедзе на Майдан, абліе сябе бензінам і падпаліць»


Ніна Жызнеўская распавяла, як невядомыя паглуміліся над магілай сына.

Невядомыя выдрапалі слова «Здраднік» на помніку Міхаіла Жызнеўскага, забітага ў студзені 2014 года ў Кіеве падчас акцыі пратэсту на Майдане.

«Помнік Міхаілу на ягонай магіле ў вёсцы Сцяг Працы каля Гомля паставілі летам гэтага года. Зрабілі яго вялікім і прыгожым. Частку сродкаў перадалі валанцёры. Астатнія пазычылі і да гэтага часу аддаем даўгі. Помнік адразу ж застрахавалі, бо чакалі правакацыяў», – рапавяла gazeta.ua кабета.

1 кастрычніка Ніне Жызнеўскай патэлефанаваў журналіст і паведаміў, што напісаў заяву ў міліцыю ў сувязі з тым, што на помніку вялікімі літарамі надрапана слова «Здраднік».

«Адразу ж паехалі з мужам на магілу. Абодва расплакаліся. Надпіс быў на палову помніка. Выклікалі міліцыю і напісалі заяву. Міліцыянты сказалі: могілкі ціхія, спакойныя. Дзе тут каго шукаць? Яны не збіраюцца расследаваць гэтай справы. І так ведаюць, хто гэта робіць. Я таксама здагадваюся, але не магу назваць імя, у мяне няма доказаў», – сказала Ніна Васільеўна.

Жанчына прызналася, што, калі яе муж чарговы раз убачыў сапсаванае вандаламі надмагілле сына, яму стала вельмі дрэнна.

«Доўга плакаў. А потым сказаў, што паедзе на Майдан, абліе сябе бензінам і падпаліць. Можа, так на ягоны пратэст хтосьці адрэагуе», – распавяла маці Жызнеўскага.

«Пасля смерці сына мы сталі ізгоямі ў Беларусі. У Гомлі не магу спакойна выйсці на вуліцу. У мінулым годзе дачку Наташу адлічылі з Гомельскага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны. Выкладчыца, былая камсамолка, Наташы сказала: Твой брат – бандыт і нацыст, ён за грошы стаяў на Майдане. Адмовілася прымаць дыпломную працу, таму што ёй нібыта не падабаецца назва. Пасля ўмяшання журналістаў Наташу ўсё ж такі аднавілі. А тая выкладчыца пайшла на пенсію», – працягвае маці Жызнеўскага. – Перад смерцю хачу, каб Мішу прызналі Героем. Тады буду ведаць, што ягоная магіла – пад абаронай Украіны. Вельмі баюся, што памру і не паспею гэтага зрабіць», – сказала Ніна Жызнеўская.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў