Маці яшчэ аднаго салдата ў Печах: «Мы кожны тыдзень перасылаем яму на нейкую картку грошы»


Спадарыня Святлана распавяла нам гісторыю свайго сына Паўла, што знаходзіцца зараз на службе ў Печах. Яго пастаянная вайсковая частка – іншая, але ў час, калі здарылася трагедыя Аляксандра Коржыча, Павел ужо знаходзіўся нейкі час у вучэбцы ў Печах . Па просьбе маці, мы не публікуем іх сапраўдныя імёны, а таксама асабістыя падрабязнасці.

«Атрымала паведамленне, каб больш нікуды не хадзіла»

«Павал зараз просіць не прыязджаць да яго, яму засталося прабыць у Печах некалькі тыдняў. Але ўсё, што распавядае цяпер маці Аляксандра Коржыча, я чую ад свайго дзіцяці. Я вельмі чакаю, калі яго перавядуць у ягоную частку, але не думаю, што там будзе нашмат лепш.

Справа ў тым, што калі ён праходзіў камісію перад войскам, яму не зрабілі поўнага даследавання, хоць ведалі, які ў яго дыягназ. У ваенкамаце сказалі, што служба будзе лёгкая, і ён будзе пазбаўлены страявой падрыхтоўкі, бо з яго дыягназам магчыма пагаршэнне здароўя. Але калі ён прыбыў у частку, апынулася, што ён здаровы – так было напісана ў медычнай карце.

Ён праходзіў усе страявыя, яго стан стаў пагаршацца. Кожны раз, калі ён скардзіўся, яму не верылі, думалі, што ён сімулюе. Пазней сказалі, што яго паглядзіць доктар, але так і кармілі далей абяцанкамі.

Я не вытрывала і пайшла ў ваенкамат, мне далі нумар афіцэра. Я да яго датэлефанавалася. Ён спытаўся, чаму я не казала нічога раней, бо заўтра сына пераводзяць у Печы. Паабяцаў, што ўсё вырашыць і асабіста мне патэлефануе. Праз некалькі гадзінаў я атрымала паведамленне ад сына, каб я больш не тэлефанавала і нікуды не хадзіла».

Паўла перавялі ў Печы

«Кажа, каб мы не ехалі да яго, але грошы мы яму кожны тыдзень перасылаем на нейкую картку. Кожны раз ён прыдумляе бязглуздыя гісторыі, навошта яму патрэбны грошы. Але ж я разумею, што ўсё гэта хлусня. Ён нават піша мне, калі ў яго ёсць тэлефон, аднымі і тымі ж сказамі «у мяне ўсё добра, не перажывай».

Дыягназ яго пагоршыўся і ён ужо не можа служыць. Яго вазілі на даследаванне, але дыягназ ніхто не сказаў і не паказаў. Павел думае, што справа ў грашах, бо яму павінны выплаціць кампенсацыю за тое, што медкамісія накіравала яго служыць з такім дыягназам.

Пакуль ён у Печах, тата некалькі разоў перасылаў яму па 50 рублёў, а так у асноўным па 20, ужо на працягу некалькіх тыдняў. Да гэтага, у сваёй частцы, ён не прасіў грошай і не прасіў таксама ў апошні тыдзень у Печах. Таксама не выходзіў на сувязь, я не разумела чаму. А потым ён сказаў мне: пачытай навіны. І я зразумела.

«Не гэтага чакаюць маці»

У мяне падрастае другое дзіця і я зраблю ўсё, што заўгодна, толькі б ён не трапіў туды. Не гэтага чакаюць маці, калі адпускаюць сваіх сыноў Радзіму бараніць.

І калі б маці не баяліся і казалі усё, як ёсць, і салдаты разам бы распавялі, то магчыма, штосьці змянілася б.

Але сыны баяцца прызнавацца, што нешта не так. Кажуць, што ўсё добра. А я толькі сінякі знаходжу, разумею ўсё і маўчу. Уяўляю сабе, як там цяжка. Я ведаю, які Павел жыццелюбівы, шпаркі, усё на ім гарыць. А пасля пераводу я прыязджаю ў Печы, бачу пусты погляд, твару на ім няма. Кажа, яго вадзілі да псіхолага. А я ў паніку, бо ў такім стане можна і рукі на сябе накласці. А яшчэ і боль, які ён церпіць праз сваю хваробу! Распавядае мне, як хлопцы вены рэжуць, іхныя версіі пра хлопца, якога з пятлі здымалі. Быццам ад яго дзяўчына сышла і бацькі развяліся».

Паўлу служыць яшчэ год, калі не ўлічваць, что яго павінны даследаваць, паставіць дыягназ і, магчыма, адпусціць. Праз некалькі тыдняў ён вернецца ў сваю частку. Маці кажа, што там такіх жахаў, як у Печах, не бывала.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў