Маці японца, якому далі ў Беларусі 4,5 гады турмы, распавяла, як удалося зменшыць тэрмін


Portret skazanego Japończyka narysowany przez jego brata po widzeniu w kolonii karnej.

Ёка Ёшыда падзялілася падрабязнасцямі скарачэння турэмнага тэрміну яе сыну, мастаку Даічы Ёшыда, які сядзіць у Беларусі за незаконны правоз праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі.

У размове з «Белсатам» маці японскага мастака, які адбывае ў Беларусі пакаранне паводле часткі 2 артыкулу 295 і часткі 1 артыкулу 333 Крымінальнага кодэксу, заявіла, што загад зменшыць ягоны тэрмін даў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта рашэнне прэзідэнта», – заявіла Ёка Ёшыда.

Паводле словаў спадарыні Ёшыда, адвакат ейнага сына заявіў, што «гэта вельмі незвычайны выпадак».

У 2016 годзе Даічы Ёшыду запрасілі на фестываль манга ў Адэсу. У Кіеве мастак набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі, выпушчаныя да 1945 года.

Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіа з транзітнымі перасадкамі ў аэрапортах Менск і Абу-Дабі. Ён сцвярджае, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зняволення за незаконны правоз і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.

Пра лёс мастака стала шырока вядома пасля допісу блогера Аляксандра Лапшына, якому давялося сядзець разам з японцам. Паводле Лапшына, падчас перабывання ў Жодзінскім СІЗА над Ёшыда здзекваліся аднакамернікі.

Даічы Ёшыда неаднаразова спрабаваў абскардзіць прысуд. Сёлета ў лютым Вярхоўны суд адмовіўся пераглядаць справу Даічы Ёшыда, назваўшы прысуд справядлівым.

Пасля гэтага сям’я Ёшыда звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі.

Учора было апублікаванае рашэнне судовай калегіі Вярхоўнага суду ад 4 траўня аб змене прысуду ў дачыненні да грамадзяніна Японіі праз «празмерную суровасць пакарання».

Тэрмін яго пакарання зменшаны да 1 году 9 месяцаў зняволення. Даічы Ёшыда выйдзе на волю 22 траўня.

ДД

Глядзі таксама
Каментары