Пракурор не згодны з апраўдальным прысудам маці, у якой падчас хатніх родаў памерла дачка


Вольга Сцяпанава, якую судзілі за смерць дзіцяці падчас хатніх родаў, распавяла апошнія навіны разбіральніцтва.

25 студзеня Віцебскі абласны суд прызнаў невінаватай 31-гадовую жыхарку Санкт-Пецярбургу Вольгу Сцяпанаву, ураджэнку Віцебску, у якой падчас хатніх родаў памерла дачка.

Судовая справа пачалася яшчэ ў канцы леташняга жніўня. Спачатку жанчыну прызналі вінаватай, пазней рашэнне было змененае пасля разгляду апеляцыі, аднак пракурор апратэставаў апраўдальны прысуд.

Прапануем вашай увазе фрагмент ліста, які Вольга Сцяпанава даслала ў рэдакцыю Belsat.eu:

«Я, вядома, меркавала, што ён (пракурорскі пратэст) будзе. У першую чаргу, з-за прыватнага вызначэння суда ў адрас начальніка Следчага камітэту Віцебску, сутнасць якога ў тым, што яго падначаленыя пры поўнай адсутнасці складу злачынства ўмудрыліся настрачыць 5 тамоў крымінальнай справы. У другую чаргу таму, што ў межах гэтай крымінальнай справы мяне ўзялі пад варту, і на пастанове аб абранні меры стрымання і на пастанове аб перадачы справы ў суд стаяць санкцыі аж самога пракурора Віцебску спадара Раманоўскага. Думаю, варта асвятліць дадзены момант больш падрабязна ў асобным артыкуле.

Пратэст пададзены з серыі «ні пра што» – следства, маўляў, праведзенае, правільна, паказанні сведак абвінавачвання не ўлічаныя, прысуд і прыватнае азначэнне трэба адмяніць. Дзяржаўны абвінаваўца па справе В. Сузанскі звёў на нішто ювелірную працу суддзі Віцебскага абласнога суда, якая (маё шанаванне!) прымудрылася ў тэксце прысуду абыйсці ўсе вострыя куты датычна паказанняў сведак абвінавачвання. Гэтыя сведкі з ліку медычных супрацоўнікаў па ўласным невуцтва і злосці нагаварылі сабе на 2-3 артыкулы крымінальнага кодэксу кожны, прычым ужо двойчы. А мне зараз прыйдзецца пісаць пярэчанне на пратэст і ў якасці аргументаў усе нязручныя моманты падрабязна апісаць. Цікава, закрые Вярхоўны суд на іх вочы ці, нарэшце, выведзе ў асобныя вытворчасці?!

А можна і не пісаць наагул. Проста пачакаць. Я стамілася ад гэтага ўсяго. Вярхоўны суд – гэта апошні этап таго, што можна назваць «спробай вырашэння праблемы на ўнутрыдзяржаўным узроўні». Далей праз камісію па правах чалавека СНД, члены якой знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Рады бяспекі ААН, можна будзе выходзіць на ЕСПЧ і міжнародную грамадскасць. Хай дадзеным разглядам займаюцца адэкватныя людзі.

Ну альбо ў працаўнікоў пракуратуры Віцебску выйдзе з комы сумленне і пратэст будзе адкліканы?! Ці хто ведае…»

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў