Маці пяцярых дзяцей даведалася, чаму ёй не даюць ордэн. Чыноўнік: у вас цацкі па хаце раскіданыя


Маці пяцярых дзяцей з аграгарадка Залужжа Менскай вобласці Людміла Сыцько 5 верасня прыйшла на асабісты прыём да старшыні аблвыканкаму Анатоля Ісачэнкі ў Старых Дарогах.

Узнагароджанне ордэнам Маці адбываецца ў выпадку дасягнення пятым дзіцём узросту аднаго года пры ўмове, што ўсе астатнія дзеці жывыя.

Жанчына спытала, чаму яна да гэтага часу не атрымала ордэн Маці. «Цікава, чым я правінілася, калі дзеці дагледжаныя, ніхто дрэннага слова пра мяне ў аграгарадку не скажа?», – спытала ў губернатара Людміла Мікалаеўна.

Кіраўнік вобласці спытаў у чым праблема ў начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкаму Станіслава Валожынскага, які прысутнічаў на прыёме.

Той у якасці аргументу спаслаўся на вынікі працы адмысловай камісіі, якая заўважыла ў хаце Сыцько незапраўлены ложак і раскіданыя па падлозе цацкі.

«А ці вашыя дзеці, калі былі малыя, інакш сябе паводзілі? Не займайцеся глупствам! Калі ўся прычына толькі ў гэтым, то чальцы камісіі будуць пакараныя. А вы, паважаная Людміла Мікалаеўна, атрымаеце заслужаную дзяржаўную ўзнагароду», – цытуе Ісачэнку выданне mlyn.by.

Узнагароджаная ордэнам Маці жанчына мае права атрымаць аднаразовую грашовую выплату ў памеры 5-ці бюджэтаў пражыткавага мінімуму (Br 1068). А па дасягненні ўзросту 55 гадоў можа разлічваць на павышэнне пенсіі за асаблівыя заслугі.

У Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджаныя 8893 жанчыны. Летась гэтую узнагароду уручылі 367 жанчынам. У гэтым годзе такую узнагароду атрымала 105 жанчын.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў