Маці дзяўчынкі, загрызенай сабакам, прысудзілі да трох гадоў калоніі


Часам пра сям’ю згадваюць толькі пасля таго, як у ёй адбылася трагедыя, – сёння вынеслі прысуд шматдзетнай маці Кацярыне Пашук, якую вінавацілі ў датычнасці да смерці яе 8-месячнай дачкі. Органы апекі наведалі гэтую сямʼю толькі тады, калі маленькая Ангеліна ўжо загінула.

27-га сакавіка Кацярына была нападпітку, яна заснула, пакінуўшы без нагляду немаўля і сабаку хаскі. Калі ж прачнулася, дзяўчынка была мёртвая: сабака адарваў ёй руку. Паводле сведак, хаскі быў агрэсіўны, гаспадыня яго не дрэсіравала і карміла не рэгулярна. Занепакоены сітуацыяй у сямʼі, свёкар асуджанай Ігар Пашук неаднаразова звяртаўся ў органы апекі – але тыя перанакіроўвалі мужчыну ў міліцыю.

ІГАР ПАШУК, СВЕДКА, СВЁКАР АСУДЖАНАЙ:
«Мне нават не дазволілі ў заяве пісаць тое, што яна была п’яная, перада мной паклалі шаблон заявы: абярыце, што больш пасуе, і пішыце, а там ні ў адным шаблоне не было пра п’янку ні слова».

Сваякі асуджанай сцвярджаюць, што Кацярына часта выпівала: ужо быў выпадак, калі яна нападпітку пераходзіла з дзецьмі дарогу на чырвонае святло і ледзь не трапіла пад аўтамабіль. Яе штрафавалі за пʼянку. Муж Кацярыны Ігар вырашыў сысці ад яе і забраць дзяцей, але не паспеў.

ІГАР ПАШУК, БАЦЬКА АНГЕЛІНЫ, БЫЛЫ МУЖ КАЦЯРЫНЫ:
«Я ў суддзі запытваў: мне трэба зрабіць так, каб дзеці жылі са мной, яна сказала, вы будзеце гэта вырашаць, калі будзе развод».

Цяпер Кацярыну асудзілі на максімальны тэрмін – тры гады калоніі і штраф 200 базавых велічыняў, а дзве ейныя старэйшыя дочкі, пяцігадовая Мілана і двухгадовая Паліна, цяпер будуць жыць са сваймі татамі.

НХ, «Белсат». Фота kp.by

Стужка навінаў