Маці Аляксандра Коржыча: Гэта забойства

Wideo

Святлана Коржыч, маці забітага салдата, пракаментавала ў эфіры «Белсату» заяву Следчага камітэту.

У ведамстве кажуць, што на целе Аляксандра Коржыча не знойдзена пашкоджанняў.

«Белсат»: Што б вы адказалі Следчаму камітэту і старшыні гэтага ведамства? Што бачылі вы і што бачаць іхныя эксперты?

Святлана Коржыч: Я не згодная з тым, што бачаць іхныя эксперты. Былі з намі мая сястра лектар і наш добры знаёмы, хірург, і яшчэ дзве медсястры. Тое, што яны пабачылі на целе Сашы, гэта быў жах. Баразна замкнутая, гэта як накінутая на шыю пятля – як кажуць, яны там рабілі яму «сабачую смерць».

І я думаю, што суіцыду там і побач няма. Рана на лбу, праколы на шыі – тры, я сама бачыла. Зазірнула яшчэ ў рот, зубы там, праўда, цэлыя былі. Вочы не закрываліся. Медсястра, суседка, добра глядзела і сказала мне, што ўся галава была на дзірках.

Пабіты нос. Сталі пераапранаць з вайсковай формы ў цывільную – бабуля нашая не згадзілася хаваць у гэтым адзенні – і што мы пабачылі, мне аж стала страшна. Гематомы на жываце. У мяне ёсць фотаздымкі гэтага. І ёсць сведкі – два лекары і дзве медсястры. Увесь наш дом прыйшоў, каб правесці ў апошні шлях майго сына, Сашу.

Я лічу, што гэта забойства.

А чаму Следчы камітэт так не хоча дапускаць гэтую версію, хаця і цалкам яе не выключае?

Не ведаю, чаму не хоча, таму што гэта ім не выгадна. А я праз тэлефон трымала сувязь са сваім сынам, і пасля таго, як ён паскардзіўся ротнаму афіцэру, запатрабаваў забраць у прапаршчыка ягоную картку, з гэтага ўсё і пачалося. Забралі ў яго тэлефоны, гадзіннік. І вось я хачу запытаць: з 26 верасня па 3 кастрычніка яго ніхто не бачыў на тэрыторыі вайсковай часткі. Я ўжо збіралася ехаць шукаць свайго сына. Можа, ён дзе ў Эміратах ці, можа, ужо дзе ў Амерыцы. 2 кастрычніка мы тэлефанавалі ў вайсковую частку, ніхто на нашыя тэлефанаванні не адказваў. Толькі 3 кастрычніка а 21:23 патэлефанаваў камандзір і паведаміў, што цела майго сына вязуць дахаты. Я ў яго запыталася, а які дыягназ? Адказаў, што суіцыд. На што я сказала, што везці цела не трэба, я прыеду сама разбяруся. І ўжо праз тры гадзіны мы былі ў Пячах. Доўга нас трымалі, нас было пяць асобаў, на нашыя пытанні казалі, што рыхтуюць цела. Прасіла паказаць сына, месца, дзе яго знайшлі – ніхто так мне нічога і не сказаў. Паказалі толькі памерлага Сашу толькі 4 кастрычніка а 17:30.

Я аддала жывога здаровага сына, а куды яго адправілі? У вайсковай частцы я сказала, каб мне паказалі гэтага прапаршчыка. Я ж, аказалася, ужо ягоная другая маці, карміла – праз інтэрнэт-банкінг прасочваўся ўвесь шлях банкаўскай карткі. Хто забіраў грошы, я ведала.

Спадарыня Святлана, што вы збіраеце рабіць далей, асабліва пасля сённяшняй заявы?

Я яшчэ чакаю афіцыйны адказ і вынікі судмедэкспертызы. Потым я ўжо наймаю адваката, і будзем праводзіць далейшую працу, я з гэтым не згаджаюся.

Ці міністр Раўкоў павінен пайсці ў адстаўку?

Я не ведаю, але Печы знаходзяцца ў 90 кіламетрах ад цэнтру Менску, і ніхто не можа навесці там парадак!

Я лічу, што віна міністра таксама вельмі вялікая. Нельга відэакамеры паставіць?

Я як старшыня жыллёвага кааператыву скажу, што кожныя два тыдні начальнік пінскай міліцыі дасылае мне ліст з патрабаваннем весці відэаназіранне, каб нашыя жыльцы ўсталявалі відэакамеры. А што – міністр абароны не мог навесці парадак?

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары