Матрыца па-беларуску. Грошай на электронны ўрад не хапае


Савет Міністраў абмеркаваў стратэгію развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016–2022 гады.

3 лістапада падчас паседжання, пакуль што «аналагавага» ўраду прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што тэмпы развіцця электронных паслугаў і пранікненне інфарматызацыі ва ўсе сферы і галіны дзейнасці адбываюцца недастаткова хутка з-за недастатковага фінансавання. Паводле кіраўніка ўраду, працэс інфарматызацыі трэба паскорыць.

Цягам двух гадоў Беларусь паднялася ў рэйтынгу гатовасці да тэхналогіяў электроннага ўраду на 6 пазіцыяў, апынуўшыся на 55-м месцы сярод 193 краінаў свету.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў запэўніў, што праект стратэгіі развіцця інфарматызацыі на 2016–2022 гады закране сацыяльныя сферы, транспартную галіну, банкаўскі сектар і медычныя паслугі.

План інфарматызацыі прадугледжвае запуск напрыканцы 2015-га першага этапу 4G – сувязі чацвертага пакалення, якая дазволіць хутка атрымоўваць і дасылаць вялікія аб’ёмы інфармацыі.

Акрамя гэтага прадугледжваецца амаль поўны пераход дзяржорганаў на электронны дакументаабарачэнне. Стоадсоткавая інфарматызацыя чакае беларускую медыцыну. А доля адміністратыўных працэдураў і дзяржаўных паслугаў у электронным выглядзе павінна скласці не менш за 75 %. Дзяржаўны план інфарматызацыі краіны прадугледжвае, што ўсе медыі будуць даступныя ў інтэрнэце.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў