Матолька: Падам заяву ў Менгарвыканкам, што новы варыянт малюнку мне падабаецца


Фатограф заклікае менчукоў абараніць адкарэктаваную версію «братэрскага» муралу.

«Гэта, перш за ўсё, непавага да расейскага мастака Артура Кашака і адкрытае хамства ў адносінах да менчукоў», – ацаніла ўчынак невядомага графіціста прэсавая сакратарка Менгарвканкаму Алена Мохар праз два дні пасля карэкцыі малюнку.

У адказ на заяву Мохар фатограф Антон Матолька даслаў менскім уладам электронны зварот з просьбай не чапаць мурал.

«Прашу ўлічыць голас жыхара сталіцы і пакінуць яго ў цяперашнім выглядзе, з калючым дротам, які намаляваў невядомы графіціст», – напісаў Матолька.

Фатограф заклікае дасылаць заявы праз электронную форму на старонцы Менгарвыканкаму, каб «прыслухоўваліся да меркаванняў менчукоў, а не да таго, што мроіцца ў іхных галовах».

Калючы дрот на мурале, прысвечаным беларуска-расейскаму сяброўству, з’явіўся на шматпавярховіку на сталічнай вуліцы Магілёўскай, 32 у нядзелю раніцай.

ДД

Стужка навінаў