«Матны» дагляд: дзе мяжа беларусафобству і хамству?


Працэс, які для грамадскіх актывістаў і дзеячаў апазіцыі часцяком абарочваецца асабліва пільным мытным даглядам на дзяржаўнай мяжы. Не заўжды багаж і аўтамабілі саляравозаў правяраюць гэтак, як, скажам, маёмасць актывіста з бел-чырвона-белай стужкай. Гомельскія ж мытнікі гэтымі днямі пераплюнулі самыя сябе.

Гомельскія актывісты Наталля Крывашэй і Уладзімір Кацора ва Украіну ездзяць часта. У тым ліку, каб перадаць у Чарнігаў гуманітарную дапамогу ўцекачам ад вайны. Але апошняя паездка з сябрамі праз пераход «Новая Гута» дадала новых уражанняў.

«Мы вельмі часта ездзім праз мяжу. Вельмі часта нас аглядвалі, заганялі ў боксы, але такіх адносінаў, з якімі мы сутыкнуліся ў гэты раз, ніколі не было», – распавядае Наталля Крывашэй.

Спачатку машыну гамельчукоў загналі ў бокс паглыбленага агляду ды сталі адкручваць шурупы ў салоне, шукаць кантрабанду. Пазней да дагляду далучыўся кіраўнік мытнага пункту маёр Уладзімір Ражкоў, які перайшоў межы службовай этыкі.

«Стаў рабіць даволі некарэктныя заўвагі аб тым, што трэба размаўляць па-расейску, патрабаваў, каб размаўлялі па-расейску. І пасля таго, як было сказана, што беларуская мова таксама дзяржаўная, і мы маем права размаўляць, ён груба да аднаго з нас звярнуўся, стаў лаяцца матам, схапіў за каўнер, і патрабаваў такім чынам выйсці, каб разабрацца», – апісвае інцыдэнт грамадскі актывіст Уладзімір Кацора.

Пагрозы фізічнай расправы ды абразы часткова трапілі ў аўдыязапіс, які трапіў да «Белсату». Вось сценаграма таго, што казаў кіраўнік мытнага аддзелу Уладзімір Ражкоў:

«А цяпер тут, апроч мяне, і няма нікога. Давай пойдзем разбярэмся…

…Ты свіней пасвіць умееш?»

Актывісты на правакацыю не паддаліся.

«Калі мытнік ужо хапаецца за каўнер курткі і прапануе выйсці на вуліцу паразмаўляць “па-мужчынскі”, то мы выклікалі міліцыю, якую нам таксама забаранялі выклікаць, і абяцалі на нас скласці пратакол», – дадае Наталля Крывашэй.

Міліцыянты прыехалі, заяву на правядзенне праверкі склалі, але непрыемны асадак застаўся. Турэмны жаргон і нецэнзурная лексіка на браме ў Беларусь актывісты лічаць непрымальнымі.

Такую шчыльную праверку з боку мытнікаў Уладзімір Кацора тлумачыць сваім удзелам у кампаніі «За справядлівыя выбары» ў якасці каардынатара па гомельскай вобласці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Стужка навінаў