Матэрыял журналісткі belsat.eu Веранікі Чыгір адзначылі на выставе «Фокус на інавацыі»


Вераніка Чыгір, фота з Facebook

Карэспандэнтка belsat.eu Вераніка Чыгір атрымала дыплом на выставе інавацыйных журналісцкіх працаў «Фокус на інавацыі», арганізаванай Press Club Belarus. Інтэрнет-рэдакцыя шчыра віншуе Вераніку!

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося ў Прэс-клубе ў Менску 16 лютага.

Матэрыял Веранікі Чыгір перамог у намінацыі «Новыя фарматы». У сакавіку мінулага году журналістка зрабіла інтэрактыўную мапу пратэстаў «недармаедаў», што адбываліся тады па ўсёй краіне. Акрамя фота і апісання падзеі ў кожным горадзе, Вераніка дадала на мапу жывыя трансляцыя з акцыяў.

«Ідэя зрабіць такі матэрыял з’явілася таму, што ў тую вясну было вельмі шмат яркіх, якасных матэрыялаў Белсату з акцыяў пратэсту «недармаедаў». Акцыі праходзілі па ўсёй краіне, у розных гарадах, бывала, адначасова і ў нейкі час. Інфармацыі стала столькі, што цяжка было адсачыць, з чаго ўсё пачалося і што ў дадзены момант адбываецца. Таму я вырашыла сістэматызаваць усю інфармацыю, каб чытач адразу і ў прыгожай форме мог пагартаць і пабачыць падзеі ў маштабе ўсёй Беларусі, не адчыняючы пры гэтым дзясяткі спасылак», – распавядае Вераніка пра сваю арыгінальную ідэю.

Журналістка звяртае ўвагу: сэрвіс StoryMap, пры дапамозе якога створаная мапа, быў ёй вядомы раней і выдатна падыходзіў для хронікі пратэстаў.

Цікава, што Прэс-клуб сам шукае, адсочвае ў СМІ інавацыйныя матэрыялы – пераможцы нічога адмыслова не мусяць дасылаць, а таму дыплом быў для Веранікі прыемнай нечаканасцю.

«З моманту публікацыі прайшоў ужо амаль год, і я пра яе ўжо і забылася… Калі робіш матэрыял, не думаеш ніколі пра тое, што хтосьці яго вызначыць як адметны. Думаеш, каб чытачу было зразумела і карысна», – гаворыць наша калега.

На думку арганізатараў выставы, пад інавацыямі ў медыях маецца на ўвазе выкарыстанне новых тэхналогіяў у матэрыялах, інтэрактыўнасць, нестандартны падыход да тэмы.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары