«Матчын рух 328» правёў флэш-моб у Гомлі


У Гомлі ля храму Пятра і Паўла актывісты грамадскай ініцыятывы «Матчын рух 328», якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за наркотыкі, правялі флэш-моб «Супольная малітва за асуджаных».

Падчас акцыі каля 50 чалавек з розных гарадоў Беларусі трымалі партрэты сваіх асуджаных сваякоў, распавядалі журналістам, блогерам, мінакам пра акалічнасці судовых справаў. Праз такія акцыі актывісты «Матчынага руху» хочуць працягнуць увагу грамадскасці да праблемы несправядліва асуджаных за наркотыкі і велізарных турэмных тэрмінаў.

«Мы хочам, каб на нас звярнулі ўвагу, перагледзелі справы, бо большасць з іх сфабрыкаваныя, альбо дзяцей папросту падставілі міліцыянты. Нашы дзеці сядзяць такія тэрміны, якія проста несувымерныя іх учынку», – кажа Таццяна Кулікова з Мазыра, маці асуджанага Паўла Кулікова.

Пасля такіх тэрмінаў дзеці выйдуць з турмаў «страчанымі для грамадства», мяркуе Таццяна Кулікова:

«Яны не будуць мець аніякай будучыні, яны ўсе будуць страчаны для грамадства. Майго сына пасадзілі на 8 гадоў яшчэ 2010 годзе. Мой сын, канешне, вінаваты, але не да такой ступені, каб даваць яму 8 гадоў. Ён згубіў усё: вучобу ва ўніверсітэце, сям’ю, дзяцёнка, лічыце, усё. Мы – маці, вельмі просім каб перагледзелі кожную справу, каб пакаранне было сувымернае зробленаму».

Пра свае перажыванні распавядае і Таццяна Палішчук з Магілёва:

«Мы ездзім па ўсім гарадам Беларусі, дзе праходзяць такія акцыі, молімся супольна за нашых родных. Мы молім, вымольваем нашых дзяцей у Бога, молімся за кіраўніцтва нашай краіны, каб іх сэрцы змякчыліся і каб яны далі нашым дзецям, братам, сёстрам шанец. У нас у Магілёўскай вобласці багата зараз асуджаных дзяўчат: ад 15 гадоў. Уявіце, пятнаццацігадовым дзяўчатам даюць па 8 – 10 лет турмы, гэта проста ў галаве не ўкладваецца».

Падобныя акцыі ўжо адбыліся ў Горадні, Менску, Віцебску і Магілёве.

Агулам у Беларусі паводле артыкулу 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») адбываюць пакаранне ў турмах і калоніях каля 13 тыс. чалавек.

Глядзіце таксама:

Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Стужка навінаў