«Мастацтва падаўлення ў сабе страху, вось чым я займаюся» – Анна Паліткоўская


У праграме «ПраСвет» – інтэрвю з Аннай Паліткоўскай, запісанае за некалькі тыдняў да яе забойства. Раней гэтая размова не публікавалася.

Журналістка распавядае пра тое, як за ёй сочаць, пра жахі вайны ў Чачэніі, зачысткі ў Башкірыі ды пра тое, як яна хавае свой страх ад людзей, з якімі яна працуе.

«Цяпер я была ў камандыроўцы ў Благавешчанску, што ў Башкірыі. Гэта горад, які зачысцілі ў снежні і цяпер за гэта ніхто не адказаў. Я здабыла ўнутраныя дакументы МУС Расеі з якіх вынікае, што гэтая жорстка зачыстка са збіваннем, з газам была абсалютна санкцыянаваная. Гэта не была выпадковасць. Гэта было апрацоўванне метадаў падаўлення бунтаў», – распавяла Анна Паліткоўская пра зачыстку.

Тады, у 2004 годзе пасля патасоўкі, у якой пацярпелі некалькі міліцыянтаў, улады вырашылі зладзіць паказальную акцыю запалохвання. АМАП зладзіў аблаву на дыскатэках, рынках, у інтэрнатах. Пад арышт трапілі прыкладна 1,5 тысячы чалавек. Людзей збівалі, катавалі, забіралі грошы і каштоўныя рэчы. Праваабаронцы заявілі, што маюць інфармацыю пра згвалтаванні.

Менавіта дзякуючы намаганням незалежных журналістаў ды праваабаронцаў, прынамсі некалькіх арганізатараў ды ўдзельнікаў зачысткі пакаралі.

Раней не публікаванае інтэрвю Анны Паліткоўскай ды сюжэт пра смерць журналісткі глядзіце ў праграме «ПраСвет».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары