Масленіца з салдатамі, ратаўнікамі і дапаможнікамі па конегадоўлі


У Беларусі завяршаецца масленічны тыдзень. Штогадовая «Масленіца» у гарадзенскай лесапаркавай зоне «Пышкі» – яскравы прыклад агульнадзяржаўнай практыкі правядзення традыцыйных святаў.

Апошні тыдзень перад Вялікім постам традыцыйна святкаваўся нашымі продкамі гучнымі гуляннямі. Масленічныя гулянні штогод практыкуюцца і зараз, аднак часцяком іх сучасная мадыфікацыя ад беларускай традыцыі пакідае толькі назву.

У этналогіі існуе паняцце «вынайдзенай традыцыі», калі традыцыі, якія мы лічым за спрадвечныя, аказваюцца выдумленымі.

Да гэтага далучаецца «мадэрнізацыя» спрадвечных святаў. І яна вельмі часта цалкам вынішчае першапачатковы сэнс святкуемай даты. Знікаюць і абрады.

Традыцыйная Масленіца

Масленіца – адзін з відаў провадаў зімы і святкавання прыходу вясны. Да прыкладу ў масленічную суботу ды нядзелю моладзь каталася на канях, упрыгожаных стужкамі і званочкамі. Усюды гучалі песні, якія ўсхвалялі Масленіцу.

У гэтыя дні выконваліся рытуальныя дзеянні, скіраваныя на провады зімы. Пудзіла апошні раз вадзілі па вёсцы і спальвалі на вялікім вогнішчы. Абрад спальвання быў своеасаблівым момантам ачышчэння агнём, у некаторых раёнах Беларусі нават скакалі праз вогнішча.

Спальванне суправаджалася песнямі, танцамі, у некаторых месцах вадзілі карагоды. Карагодамі пратоптывалі снег, пакуль пад нагамі не праглядвалася чорная зямля. Гэтымі рухамі, топатам, абуджалі зямлю.

Гучалі разнастайныя праклёны ў адрас зімы.

«Ідзі зіма до Кучава, бо ты нам надакучыла!»,

«Ідзі, зіма, да Кракава! Зноў ты прыйдзеш аднакава

«Ідзі, зіма да Кіева! Ты нам лета пакінула!»

«Ідзі, зіма, да крынічкі! Ды забірай рукавічкі!».

Што мы маем сёння?

Гала канцэрт творчых калектываў з усёй Горадні, аднак пры гэтым трэба пастарацца, каб пачуць песню па-беларуску.

«Пляцоўка «Ратаўнікі» – выстава сучаснай тэхнікі МНС, АСВОД, паказальныя выступленні ратавальнікаў, цікавыя гульні, віктарыны», – чытаем мы ў афішы. Далей – цікавей: пляцоўка «Салдацкая паляна». Відовішчная, канцэртна-гульнявая праграма воінаў Заходняга аператыўнага камандавання.

Само сабой напрошваецца пытанне, якое дачыненне мае прэзентацыя вайсковай сілы і тэхнікі МНС да провадаў зімы? Ці гэта пагалосак халоднай вайны, калі трэба было пры любой нагодзе красавацца сваймі вайсковымі біцэпсамі? Мы ў 21-м стагоддзі знаходзімся?

А як Вы мяркуеце, шаноўныя чытачы, што атрымалі ўдзельнікі спартыўнага масленічнага забегу ў якасці прыза? Так, так… Кнігі па конегадоўлі.

«Дзяржаўная» беларуская Масленіца

Вышэй у тэксце было прыведзена паняцце «вынайдзенай традыцыі». Беларускія сучасныя спосабы дзяржаўных святкаванняў заслугоўваюць на цэлыя навуковыя трактаты па гэтым пытанні, але ў першую чаргу, хіба што, на сакавітыя народныя анекдоты.

Дарэчы паводле пазнейшай хрысціянскай традыцыі, увечары апошняга дня масленічнага тыдня, трэба было папрасіць прабачэння ва ўсіх дамачадцаў: спачатку прабачэння прасілі малодшыя, а потым і старэйшыя. Апошнім прасіў прабачэння ва ўсіх гаспадар сям’і.

У некаторых рэгіёнах перад захадам сонца ішлі на могілкі, каб папрасіць прабачэння ў памерлых. У сувязі з гэтай апошняй прыгожай масленічнай традыцыяй застаецца толькі «зразумець і прабачыць».

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў