Масква ўсё ж пераканала Беларусь экспартаваць нафтапрадукты праз расейскія парты


Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь будзе экспартаваць невялікія абʼём нафтапрадуктаў праз расейскія парты – адпаведнае пагадненне ўжо падпісана.

«Мы падпісалі, што невялікія абʼёмы будзем экспартаваць, але пры абавязковай умове, што гэта будзе не накладна, каб эканоміка была аднолькавай (у параўнанні з транспарціроўкай праз парты іншых краінаў. – заўв). Мы ж не можам быць філантропіі, спонсарамі», – адзначыў Уладзімір Сямашка, піша БелТА.

Паводле яго, пры экспарце нафтапрадуктаў праз расейскія парты Беларусь атрымлівае пэўныя выдаткі.

«Мы гэта паказалі, даказалі сваім калегам. Яны зразумелі. Таму невялікія пілотныя пастаўкі будуць, але пры ўмове, што Беларусь нічога не страціць», – растлумачыў віцэ-прэмʼер.

Пры гэтым Уладзімір Сямашка выключыў масавае перанакіраванне паставак нафтапрадуктаў з балтыйскіх ў расейскія парты.

Нагадаем, на дадзены момант Беларусь транспартуе вырабленыя з расейскай сыравіны нафтапрадукты пераважна ў парты ў Вентспілсе, Клайпедзе і Муўзе. Масква хоча каб транспартаванне ішло праз расейскія парты, аднак для беларускага боку гэта не выгадна – балтыйскія парты бліжэй і прапаноўваюць больш нізкія тарыфы.

У жніўні прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін фактычна прапанаваў прымусіць Беларусь выкарыстоўваць расейскую інфраструктуру: гаворка ішла пра тое, каб прапісаць гэты абавязак у дамовах пра пастаўкі нафты.

У сваю чаргу беларускі бок выказваў сумневы наконт эканамічнай прывабнасці гэтага маршруту і заяўляў, што ад балтыйскага напрамку адмаўляцца не збіраецца.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў