Масква пагражае ЗША выслаць 150 амерыканскіх дыпламатаў


У Маскве не выключаюць, што запатрабуюць ад Вашынгтона скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісій ЗША ў Расеі «да 300 чалавек ці ніжэй», заявіў у інтэрв’ю агенцтву РИА Новости дырэктар дэпартамента Паўночнай Амерыкі расейскага міністэрства замежных спраў Георгій Барысенка.

«У дыпламатыі існуе непарушны прынцып узаемнасці, і амерыканцы пра гэта выдатна ведаюць. Калі яны паводзілі сябе падобным чынам, значыць, яны згодныя з тым, што мы можам паступіць адпаведна з іх замежнымі ўстановамі ў Расеі. Што тычыцца канкрэтных захадаў, то мы іх разгледзім, і калі гэта спатрэбіцца, яны будуць ужытыя », – сказаў дыпламат.

Каментуючы магчымыя захады, Барысенка сказаў, што ў міністэрстве не выключаюць магчымасці скарачэння колькасці амерыканскіх дыпламатычных супрацоўнікаў у Расеі да 300 чалавек замест цяперашніх 455. Акрамя таго, у адказ на пытанне, ці гатовая Масква зачыніць адно з генконсульстваў ЗША ў Расеі, ён сказаў, што ніякі варыянт нельга выключаць.

У жніўні ЗША запатрабавалі закрыць генеральнае консульства Расеі ў Сан-Францыска, а таксама два расейскія гандлёвыя прадстаўніцтвы- у Вашынгтоне і Нью-Ёрку. Гэта было зроблена ў адказ на абмежаванне колькасці супрацоўнікаў амерыканскай дыпмісіі ў Расеі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў