Масква не хоча юрыдычных абмежаванняў для ваенных робатаў-забойцаў


Спробы ААН па абмежаванні ці рэгуляцыі смяротных аўтаномных збройных сістэм (САЗС), могуць закончыцца нічым яшчэ на пачатковым этапе, з-за нежадання Масквы ўводзіць нейкія правілы ў гэтай сферы, адзначаюць удзельнікі сустрэчы ў Жэневе ў гэтым месяцы.

Крэмль заявіў, што не будзе прытрымлівацца міжнароднай забароны, мараторыя ці рэгулявання такой зброі, якая без удзелу чалавека будзе прымаць рашэнне на нанясенне знішчальнага ўдару.

«Расейцы не зацікаўленыя ў прагрэсе ў гэтай сферы», – адзначыў адзін з удзельнікаў перамоваў на ўмовах ананімнасці.

Новая гонка ўзбраенняў?

Яшчэ ў 2015 годзе група вучоных апублікавала адкрыты ліст з папярэджаннем адносна наступстваў распрацоўкі аўтаномных збройных сістэм. Па меркаванні вучоных, галоўны крытэр такіх сістэм – рашэнне на знішчэнне прымаецца штучным інтэлектам без удзелу чалавека.

Гэта могуць быць і лятучыя дроны, якія сваймі камерамі шукаюць аднаго канкрэтнага чалавека па фотаздымку, каб знішчыць яго, і аўтаномныя сістэмы нанясення стратэгічнага атамнага ўдару.

Кадр з самага вядомага фільма пра аўтаномную баявую сістэму – «Тэрмінатар». Крыніца – http://cinevenger.com

 

Калі любая буйная дзяржава пачынае актыўную распрацоўку аўтаномных збройных сістэм, фактычны будзе немагчыма пазбегнуць пачатку сусветнай гонкі ўзбраенняў… Іх стануць выкарыстоўваць паўсюль, яны будуць дастаткова таннымі для таго, каб іх масава выраблялі ўсе значныя ваенныя дзяржавы. Будзе толькі пытаннем часу, калі яны з’явяцца на чорным кірмашу і патрапяць у рукі тэрарыстаў, дыктатараў, якія хочуць трымаць насельніцтва пад кантролем, лідараў баевікоў, якія хочуць праводзіць этнічныя чысткі… Аўтаномная зброя – ідэальная для мэтавых забойстваў, дэстабілізацыі дзяржаў, падпарадкавання насельніцтва ці селектыўнага забойства канкрэтных этнічных груп, – адзначалася ў лісце.

З іншага боку, развіццё хуткаснай ракетнай зброі – напрыклад, гіпергукавых ракет – можа прывесці да распрацоўкі сістэм аўтаматычнай ракетнай абароны. Проста па той прычыне, што чалавек будзе не ў стане так хутка адрэагаваць на пагрозу.

Страчаныя 5 дзён

Заява Масквы ад 10 лістапада фактычна з’яўляецца спробай падарваць усю працу па стварэнні юрыдычных абмежаванняў выкарыстання смяротных аўтаномных збройных сістэм.

Фактычна, Крэмль прыраўняў цывільнае выкарыстанне штучнага інтэлекту да вайсковага і заявіў, што нельга абмяжоўваць распрацоўкі ў гэтай сферы.

Амерыканскі баявы беспілотнік MQ-1B Predator. Рашэнне на стральбу прымае чалавек. Крыніца wikipedia.org

«Згодна з меркаваннем Расейскай Федэрацыі, адсутнасць дзейных узораў такіх збройных сістэм застаецца асноўнай праблемай дыскусіі на тэму САЗС… Складанасць адасаблення цывільнай і вайсковай распрацоўкі аўтаномных сістэм заснаваных на адных і тых жа тэхналогіях застаецца сутнаснай перашкодай у дыскусіі пра САЗС. Наўрад ці дапушчальна, каб абмежаванні па распрацоўцы САЗС заміналі свабодзе карыстання аўтаномнымі тэхналогіямі, якія зʼяўляюцца будучыняй чалавецтва», – адзначаецца ў заяве Крамля.

Падчас 5-дзённай сустрэчы групы дзяржаўных экспертаў прадстаўнік Індыі Амандып Сінгх Гіл дзейнічаў яўна ў расейскіх інтарэсах і салідарызаваўся з расейскай пазіцыяй. Больш за тое, Гіл, які быў старшынёй групы экспертаў, вёў паседжанні такім чынам, каб праца экспертаў нічым не скончылася.

Замест таго, каб абмяркоўваць сурʼёзныя прапановы і дакументы ўрадавых дэлегацый, ён звёў дыскусію да хаатычных размоваў пра штучны інтэлект у цэлым. У пэўны момант ён нават спыніў працу групы, калі ўдзельнікі паспрабавалі вярнуцца да працы па вызначэнні САЗС.

Грошы важней

Пры гэтым самі дзяржаўныя расейскія кампаніі ўжо распрацоўваюць і прапануюць на продаж зброю з функцыямі штучнага інтэлекту – у тым ліку з магчымасцю пачатку стральбы без удзелу чалавека.

Гэтак, летам 2017 году канцэрн «Калашнікаў» паведаміў пра стварэнне цалкам аўтаматычнага баявога модуля з выкарыстаннем неўрасеткавых тэхналогіяў, які сам ідэнтыфікуе цэлі і прымае рашэнні на адкрыццё агню.

Аўтаномны баявы модуль «Калашнікава». Фота kalashnikov.com

Іх уласныя кампаніі ўжо ствараюць аўтаномную зброю. Пакуль Расея кажа, што «мы не павінныя абмяркоўваць гэтую зброю, таму што яе няма», расейскія кампаніі ўжо яе распрацоўваюць, – заявіў старэйшы навуковы супрацоўнік Сenter for a New American Security.

Такім чынам Масква вырабляе зброю, якую сама не можа юрыдычна вызначыць.

Выдаткі Масквы на вайсковы штучны інтэлект будуць расці, лічыць Сэм Бэндэт, аналітык праграмы расейскіх даследаванняў Center for Naval Analyses.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў