Маскоўская паліцыя выбачылася перад сямʼ ёй затрыманага хлопчыка, СК распачаў праверку


Паліцыя Масквы папрасіла прабачэння ў бацькі затрыманага ўчора 10-гадовага хлопчыка, які чытаў услых «Гамлета», паведамляе BBC са спасылкай на адваката Таццяну Саломіну. Следчы камітэт РФ распачаў праверку ў сувязі з інцыдэнтам.

Адвакат паведаміла, што ў дачыненні да паліцыянтаў, якія затрымлівалі дзіця, будзе праведзеная службовая праверка.

«Дзіця дома. Бацьку прынёс прабачэнні намеснік начальніка паліцыі па ахове грамадскага парадку МУС па Цэнтральнай аўтаномнай акрузе», – напісала ў Twitter адвакат Саломіна.

Бацька хлопчыка Ілля Скаўронскі ў размове з журналістам радыёстанцыі «Говорит Москва» пацвердзіў, што паліцыя перад ім выбачылася. Ён дадаў, што сям’я накіравала скаргу на дзеянні паліцыянтаў.

Упаўнаважаная па правах дзіцяці Ганна Кузняцова напісала на сваёй старонцы ў Facebook:

«Учора ў Маскве затрымалі хлопчыка. Я, канешне, разумею, што паліцыянт не аніматар, але гэта ж дзіця… Разбярэмся ва ўсім абавязкова»

У Следчым камітэце заявілі, што дадуць прававую ацэнку дзеянням паліцыі, але правераць і дзеянні мачахі хлопчыка. Паводле СК, ёй можа пагражаць крымінальны артыкул за гвалт у дачыненні да прадстаўніка ўлады.

МУС Расеі: «Хлопчык сам прызнаўся, што збіраў грошы»

Тым часам у Галоўным упраўленні МУС РФ па Маскве пракаментавалі сітуацыю. На сайце прэс-службы ведамства звестак пра выбачэнні з боку праваахоўнікаў няма. Затое сцвярджаецца: хлопчык сам прызнаўся ў жабрацтве, а дзеянні паліцыянтаў называюць «законнымі». Паводле МУС, хлопчык знаходзіўся на вуліцы адзін, без бацькоў ці законнага прадстаўніка.

Нагадаем, вечарам 26 траўня ў цэнтры Масквы 10-гадовага хлопчыка паліцыя затрымала за тое, што ён дэкламаваў «Гамлета», мачаха была побач з ім. Пры затрыманні паліцыянты лаяліся матам, абражалі жанчыну, а дзіця сілай зацягнулі ў машыну.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў