Машына ДАІ збіла жанчыну на пешаходным пераходзе ў Салігорску, а ў шпіталі напісалі, што яна сама ўпала


29 снежня на пешаходным пераходзе ў Салігорску патрульная машына ДАІ збіла жанчыну. У сацсетках пацярпелая распавяла, што кіроўца не выклікаў «хуткую», а ў шпіталі ёй напачатку напісалі, што яна проста ўпала.

Вольга Шарыдода, жыхарка Салігорску, раніцай 29 студзеня пераходзіла дарогу на пешаходным пераходзе ў Салігорску.

«Паспела перайсці толькі адну паласу, як мяне збіла машына ДАІ», – піша Вольга на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте». Яна распавядае, што супрацоўнік ДАІ нават не выклікаў «хуткую», хоць быў абавязаны гэта зрабіць, а таксама не апытваў сведкаў. У шпіталь яе завезлі на машыне ДАІ, дзе пакінулі адну і яна пачала хадзіць сама па кабінетах.

«У неўрапатолага высветлілася, што ў прыёмным пакоі мне напісалі, што я ішла і рэзка ўпала, таму мне адмовілі ў МРТ».

У той дзень у шпіталі на абследаванне яе не паклалі, і давялося ісці на працу. Там яна страціла прытомнасць. «Калегі выклікалі »хуткую«, мяне шпіталізавалі і паклалі на абследаванне», – піша Вольга.

У ДАІ факт здарэння з удзелам іх супрацоўніка пацвердзілі. 3 студзеня на сайце sb.by зʼявілася заява афіцыйнага прадстаўніка аблвыканкаму Яўгена Сачака. Ён сцвярджае, што пацярпелую аператыўна даставілі ў шпіталь і падкрэслівае, што яна была ў стане лёгкага алкагольнага апʼянення. Хоць гэты факт ніяк не апраўдвае наезд аўтамабіля на пешахода на пешаходным пераходзе.

За стырном знаходзіўся супрацоўнік ДАІ Салігорскага РАУС 1974-га году нараджэння.

«Па папярэдняй ацэнцы, ДТЗ было здзейснена па віне супрацоўніка ДАІ. Гаворка ідзе аб парушэнні ПДР, звязаным з не пропускам пешахода на пешаходным пераходзе. Канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля судова-медыцынскай экспертызы. Але на сённяшні дзень у нас няма падставаў лічыць, што ў пацярпелай ёсць сурʼёзныя пытанні па яе здароўю. Як аб факце можна казаць аб стане алкагольнага апʼянення ў пацярпелай», – кажа Яўген Сачак.

Ён сцвярджае, што гэты факт не будзе ўплываць на прызнанне віны супрацоўніка ДАІ.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў