Масавыя звальненні, падзенне заробкаў – крызіс душыць дзяржпрадпрыемствы


Ці далёка да крытычнай кропкі? Як насамрэч выглядае сітуацыя, распавядаюць працаўнікі буйных прадпрыемстваў і лідары прафсаюзаў.

«Калі потым спатрэбяцца працаўнікі, возьмем новых, а цяпер – загад звольніць»

Адно з буйнейшых прадпрыемстваў Бабруйска, завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА), «дышыць на ладан», кажа працаўнік заводу Віктар. Рыхтуюцца скарачэнні. У красавіку па аддзелах быў распаўсюджаны загад кіраўніцтва з канкрэтнымі лічбамі – колькі працоўных скараціць. Віктар зазначае, што скарачэнні сапраўды патрэбныя, але не такім бязглуздым спосабам, калі не глядзяць, ці ёсць патрэба ў працаўніку, ці не.

«Начальства кажа – калі потым спатрэбяцца працаўнікі, возьмем новых, а цяпер ёсць загад звольніць», – кажа Віктар.
У выніку скарачэнняў павялічваецца нагрузка на тых, што застаюцца, а заробкі падаюць. Ужо не першы месяц на заводзе ТДіА працуюць чатыры дні на тыдзень.

Паводле Віктара, настроі сярод працоўных песімістычныя. Але незадаволенасць выказваецца на месцах. Магчыма, кажа Віктар, калі б з’явіўся лідар, які б арганізаваў пратэсты, да яго падцягнуліся б працаўнікі. Але выглядае гэта сумнеўна. Паводле Віктара, людзі хутчэй пойдуць банкі рабаваць, ці пяройдуць на натуральную гаспадарку, паедуць на дачы гародніну вырошчваць, але не выйдуць на вуліцы.

«Я асабіста шукаю выйсце шляхам «левых» заробкаў, – кажа Віктар. – Не веру, што знайду ў нашым горадзе лепшую сталую працу, але падпрацоўкі можна знайсці, і тут я выкарыстоўваю любыя магчымасці. І чакаю моманту, калі змагу зваліць з гэтай краіны. Раней не хацеў з’язджаць, але цяпер разглядаю гэта як адзіную магчымасць годна жыць. На гэта і буду збіраць стартавы капітал».

«Працоўных не чапаюць, бо баяцца»

Іншы буйны бабруйскі завод ААТ «Аграмаш» не будзе працаваць да 4 траўня. За апошні месяц гэта ўжо другі тыдзень прастою – завод не працаваў таксама на пачатку красавіка.

Ідуць скарачэнні. Як распавёў супрацоўнік Ігар, на кожны аддзел даводзіцца план аб скарачэнні прыблізна 30% працаўнікоў. Пакуль што скарачаюць пенсіянераў. Ды людзі й самі звальняюцца з-за нізкіх заробкаў. ІТР-аўцаў на 100% пазбавілі прэміі, і заробкі ўпалі амаль у два разы – яны цяпер амаль такія ж, як у прыбіральшчыц у цэхах. Працоўных, паводле Ігара, не чапаюць пакуль, бо баяцца. Бо ёсць на заводзе такія працаўнікі, якія не баяцца адстойваць свае правы, і маўчаць у выпадку чаго не будуць.

На сённяшні дзень працаўнікі яшчэ не атрымалі поўны заробак за сакавік – выплочваюць маленькімі часткамі – па 100-200 тысяч.

Ігар кажа, што складваецца адчуванне, што і кіраўніцтва не ведае, што рабіць, яно прызнаецца, што перспектыў няма. Ходзяць чуткі, што летам завод зусім не будзе працаваць.

Перспектыў на заводзе Ігар не бачыць. Як пойдзе ў адпачынак, збіраецца шукаць іншую працу, але дзе – пакуль не ведае, бо ў Бабруйску працы няма.

Пратэстаў не будзе – няма жадаючых пратэставаць

Падобна выглядае сітуацыя і ў іншых рэгіёнах краіны. Як распавёў старшыня першаснай ячэйкі СПБ на ААТ «Полацк-Шкловалакно» Віктар Стукаў, ідуць скарачэнні. Пакуль што, праўда, скарацілі толькі 35 чалавек. Але гэта працаўнікі з высокай кваліфікацыяй і адпаведнымі заробкамі. Увогуле ж, заробкі ў параўнанні з мінулым годам, упалі на 1-1,5 мільёнаў рублёў.

На «Нафтане» загад скараціць 600 чалавек. Але, зазначае спадар Стукаў, кожны выпадак асобна разбірае камісія – людзям прапаноўваюць іншыя працоўныя месцы. Узмацніўся ціск на сябраў Свабоднага прафсаюзу. На прадпрыемствах ад іх патрабуюць спыніць пералік унёскаў праз бухгалтэрыю.

Віктар Стукаў зазначае, што пратэстаў не прадбачыцца, бо «няма жадаючых пратэставаць».Што для пратэстаў пакуль рана, пагаджаецца кіраўнік Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў. Для гэтага патрэбна вельмі рэзкае і крытычнае падзенне ўзроўню сацыяльнай абароненасці – напрыклад, масавыя скарачэнні на тым ж МАЗе ці МТЗ.

Таксама для пратэстнага руху патрэбны арганізацыйны пачатак. Звычайна гэта – прафсаюз. Дзяржаўныя ж прафсаюзы даўно прыслугоўваюць сістэме, і іх задача – стрымліваць сітуацыю, не дапусціць пратэстаў. А незалежныя прафсаюзы слабыя, іх выгналі амаль з усіх прадпрыемстваў, дамагліся скарачэння колькасці сябраў. Народ жа ў такім становішчы цяпер, што большасць баяцца згубіць і тую працу, якую маюць, бо не знойдуць іншай.

Больш аптымістычна на сітуацыю глядзяць у Салігорску. Старшыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў ААТ «Беларускалій» Сяргей Чаркасаў распавёў, што агулам, пакуль на прадпрыемстве ўсё стабільна – ёсць рынкі збыту, атрымліваецца дамаўляцца з кіраўніцтвам, вырашаць пытанні аб стымуляванні працаўнікоў.

Данута Бароўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары