Масавыя нясплаты заробкаў у Беларусі


А вы атрымалі заробак своечасова? Ажно 405 арганізацыяў не выплацілі заробленых грошай на першага снежня. Свае сродкі не атрымалі дзясяткі тысяч асобаў. Гэта – амаль у чатыры разы больш, чымся месяц таму, і ў дзясяткі разоў болей, чымся ў кастрычніку.

Паўтары сотні працаўнікоў Менскага доследнага заводу металаканструкцыяў аказаліся сярод амаль сямідзесяці тысяч беларусаў, якія, паводле стану на 1 снежня, не атрымалі своечасова заробку.

Агулам па Беларусі працаўнікі недаатрымалі на 1 снежня 240 мільярдаў рублёў. Гэта – амаль у 5 разоў больш, чым у мінулым месяцы, і амаль у 10 разоў больш, чым у кастрычніку. Хоць карціна, відавочна, няпоўная. Бо працаўнікі ДЗМК распавялі «Белсату», што заробкі ім затрымлівалі яшчэ ў мінулым месяцы, але афіцыйная статыстыка гэтага не адлюстроўвала.

«Іншае прадпрыемства не можа нам аплаціць, а нашае не можа нам выплаціць» – распавядае працаўнік ДЗМК.

«Ну, часткамі за верасень аддалі. А сёння ўсё аддалі і за кастрычнік, і за верасень» – кажа іншы працаўнік заводу. Яшчэ адзін мужчына з усмешкай дадае: «Няма работы».

Незалежныя прафсаюзы падкрэсліваюць. Рэзкага эканамічнага пагаршэння менавіта цяпер не назіраецца, проста паляпшэнне ў кастрычніку і лістападзе было штучным і часовым.

«Думаю, што сітуацыя будзе пагаршацца. Бо сёння няма дзяржаўнай праграмы, якая б была зразумелая на кожным асобна ўзятым прадпрыемстве – што чакае прадпрыемства. У якім статусе яно будзе працаваць. Ці яно будзе акцыянерным, ці будзе прыватызаваным, ці будзе прадавацца» – зазначае Генадзь Фядыніч, старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП.

Перад палітычна актыўным сезонам затрымкі заробкаў шырыліся па краіне цягам усяго году і дасягнулі свайго піку ў ліпені, справакаваўшы стыхійны страйк на маладзечанскім заводзе металаканструкцыяў.

Пасля выступу маладзечанскіх рабочых сітуацыю затрыманнямі пасля заканчэння прэзідэнцкай кампаніі праблема зноў пачала прарывацца.

«Не трэба маўчаць. Вось калі будуць маўчаць, з імі будуць рабіць тое, што рабілі, толькі яшчэ горш. Сёння яны яшчэ могуць зрабіць крок сабе насустрач, а заўтра яны могуць быць і гэтага кроку пазбаўленыя» – тлумачыць Генадзь Фядыніч.

Наймацней затрыманні заробкаў закранаюць сельскую мясцовасць. На 1 снежня афіцыйная статыстыка зафіксавала такую праблему ў 340 калгасах ды аграфермах. Апроч таго, праблемы з выплатамі мелі працаўнікі 31-ай будаўнічай арганізацыі і 26 заводаў.

Станіслаў Івашкевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў