У Менску адбыўся Марш нязгодных з «дармаедскім дэкрэтам». Глядзіце відэа


19:25. Мы заканчваем нашую відэатрансляцыю. Дзякуй за ўвагу!

19:14. Мікола Статкевіч абвесціў канец акцыі ды падзякаваў удзельнікам.

Адначасова з тым карэспандэнт Belsat.eu паведаміў, што «пакуюць анархістаў».

19:13. Мікола Статкевіч заявіў, што калі цягам месяца не будзе адменены Дэкрэт N 3, то акцыя паўторыцца. «Кожны няхай абтэлефануе 10 чалавек», – заявіў палітык. – «Калі нас збярэцца ў 10 разоў больш, мы не тое, што дэкрэт адменім, мы адправім у адстаўку гэтае хамло».

Тым часам на прыступках міністэрства полымя, людзі паляць «лісты шчасця».

19:05. Людзі на прыступках (усе не змясціліся – шмат хто стаіць непасрэдна на плошчы Незалежнасці) Міністэрства па падатках і зборах. Скандуюць: «Жыве Беларусь!»

18:58. Пратэстоўцы дайшлі да плошчы Незалежнасці.

18:45. Сённяшняя акцыя адбываецца з аўдыяапаратурай. Цяпер з калонак гучыць хіт «Brutto» «Воіны святла», словы якога падпяваюць пратэстоўцы.

18:39. Людзі спрабавалі выйсці на праезную частку, нехта крычыць: «Правакатары». Пакуль удзельнікі ідуць па ходніках. Перад падземным пераходам выбудоўваецца калона.

18:35. Пачынаецца шэсце па праспекце Незалежнасці, пратэстоўцы накіроўваюцца ў бок Міністэрства па падатках і зборах.

18:31.

18:25.

«Дармаедамі лічу ўсіх, хто шмат атрымлівае, але мала чаго робіць, кажу пра тых, хто кіруе нашай краінай, галасуе за гэтыя законы», – кажа ўдзельнік акцыі з Горадні.

18:16. Пасля словаў Паўла Севярынца натоўп скандуе «Салідарнасць!»

18:10. Акцыя распачалася, прамаўляе Мікола Статкевіч:

«Удзячны тым, хто ў гэтай запалоханай краіне знайшоў у сабе сілы, каб сказаць: «Хопіць! Не! Мы людзі! Мы не дазволім так з сабою!»

18:05. У натоўпе выявілі правакатара, якога адвялі ў бок, каб перадаць праваахоўнікам.

18:02

Мікола Статкевіч мяркуе, што падчас акцыі «чапаць не будуць», бо «няма грошай – нават з пратаколамі ўжо не бегаюць».

Паводле ацэнак палітыка, на дадзены момант на Кастрычніцкай плошчы сабралася больш за тысячу ўдзельнікаў акцыі.


«Змагацца трэба не з беспрацоўнымі, а з беспрацоўем». З такім заклікам актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі падалі заяўкі на правядзенне шэсцяў у трох гарадах краіны – Магілёве, Горадні і Гомлі. 17 лютага «Марш абураных беларусаў» пройдзе ў сталіцы – менчукоў на яго запрасіў Мікола Статкевіч.

Мапа шэсця

Менск, 17 лютага: «Марш абураных беларусаў». На Belsat.eu будзе відэа-онлайн

Шэсце пад такой назвай плануе былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч. Марш пачнецца а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Калона пройдзе па галоўным праспекце да будынку Міністэрства па падатках і зборах. Пра гэта палітык заявіў на сваёй старонцы ў Facebook.

У інтэрв’ю racyja.com Мікола Статкевіч распавёў пра падрыхтоўку да шэсця:

«Падрыхтоўка ідзе нармальна, мы, як ужо казаў, не падавалі заяўку на правядзенне мерапрыемства, а проста праінфармавалі гарадскія ўлады, што праводзім акцыю, карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам. І мы не чакаем ад Менгарвыканкаму ніякіх адказаў».

Магілёў, 19 лютага: шпацыр па пешаходнай вуліцы

Улады Магілёва не дазволілі правесці шэсце нязгодных з дэкрэтам аб сацыяльным утрыманстве, стала вядома на гэтым тыдні. Шэсце мусіла адбыцца па пешаходнай вуліцы Ленінскай.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў кажа, што апазіцыя не хоча праводзіць несанкцыянаванай акцыі, і таму на пратэст нікога не заклікае. У той жа час ніхто не можа забараніць шпацыраваць па пешаходнай вуліцы, таму сам актывіст плануе выйсці і прагуляцца па вуліцы Ленінскай 19 лютага а 12-й гадзіне.

Горадня, 19 лютага

Сябры прафсаюзу РЭП і АГП падалі заяўку на правядзенне акцыі ў Горадні 19 лютага з 14:00 да 16:00 па маршруце плошча Савецкая – вуліца Савецкая – плошча Леніна. Мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзенні акцыі, спасылаючыся на рашэнне выканкаму ад 2011 года «Аб вызначэнні месцаў масавых мерапрыемстваў у Горадні», якое забараняе правядзенне падобных акцыяў у цэнтры гораду.

Гомель, 19 лютага

Пададзеная заяўка на правядзенне Марша і ў Гомельскі гарвыканкамМарш актывісты плануюць правесці 19 лютага ад плошчы Паўстання па вуліцы Савецкай і да плошчы Леніна. Пачатак – а 12:00.

У іншых гарадах людзі абʼядноўваюць свае сілы самастойна і разам працягваюць збіраць подпісы за адмену падатку.

Дэкрэт № 3 закрануў сотні тысяч беларусаў

Абʼяднаная грамадзянская партыя падала заяўку на правядзенне мірнага шэсця ў Менску 15 сакавіка. Арганізатары агульнанацыянальнага маршу супраць дэкрэту № 3 запыталі дазвол ад уладаў прайсціся па маршруце ад будынку Акадэміі навук да плошчы Бангалор у Менску ў Дзень Канстытуцыі.

Альтэрнатывы маршам

Інструментаў выразу нязгоды апазіцыйныя лідары прапануюць шмат. І ў чым яны сыходзяцца – плаціць «падатак на дармаедства» – нельга.

Грамадзянам прапануецца альтэрнатыва выхаду на вуліцы. Так, лідарка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч прапануе ліставанне замест шэсцяў.

На сваёй старонцы ў Facebook Анатоль Лябедзька, лідар АГП, заклікаў беларусаў даслаць ліст са зваротам да Канстытуцыйнага суду разгледзець, ці дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве адпавядае Канстытуцыі краіны:

«Вось тэкст звароту ў Канстытуцыйны суд з прапановай разгледзець дэкрэт N3 на яго адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Вам трэба ўсяго толькі ўнесці свае дадзеныя, паставіць подпіс і адправіць у КС! Такіх зваротаў павінна быць тысячы, дзясяткі тысячаў».

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у студзені распачаў ініцыятыву збору подпісаў аб адмене неканстытуцыйнага дэкрэту на сайце zvarot.by.

На сайце change.org збор подпісаў ідзе з 2015 году. За адмену дэкрэта № 3 падпісалася больш за 60 тысячаў асобаў.

Тэлеканал «Белсат» таксама зрабіў свой унёсак у справу адмены дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ok.ru мы зладзілі акцыю «Адкрыем вочы Лукашэнку – пакажам, як нас шмат! Выкажыце сваё абурэнне – стаўце Like!».

Пост сабраў больш за 181 тысяч лайкаў (і працягвае збіраць), амаль 5,3 тысячы чалавек падзяліліся і больш 2500 пракаментавалі.

Павал Севярынец перадаў 15 лютага у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы вынікі акцыі за адмену дэкрэту аб «дармаедах», якую правёў belsat.eu на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая звярнулася 10 студзеня да кіраўніка дзяржавы з прапановай адмяніць дэкрэт №3.

«Я напісала гэты зварот, каб указ не выпраўлялі, а я кажу пра тое, што ён мае быць безумоўна адменены».

Спадарыні Канапацкай на мінулым тыдні адказалі на яе зварот:

Апошні дзень выплаты падатку – 20 лютага. Пакуль жа збор сплацілі каля 10 % «дармаедаў» на 460 тысячаў тых, каго дзяржава палічыла такімі. Сярод іх – працоўныя мігранты, студэнты, жанчыны «у дэкрэтным адпачынку», пенсіянеры, людзі з інваліднасцю і нават нябожчыкі.

Што рабіць, калі вам даслалі«ліст шчасця»? 

Стужка навінаў