Маршрут смерці. Трагедыя, што будзе паўтарацца


Высвятляюцца новыя акалічнасці крушэння рыбацкай лодкі з мігрантамі ля берагоў Лівіі. Паводле апошніх звестак, на судне знаходзіліся каля 950 асобаў, з іх толькі 24 выжылі. Сярод ахвяраў – каля 200 жанчын і 50 дзяцей.

Перапоўненае судна перакулілася прыкладна ў 100 кіламетрах ад берагавой лініі. Гэта была рыбацкая лодка даўжынёю ўсяго 20 метраў, непрыстасаваная для перавозкі такой колькасці людзей.

Катастрафічныя лічбы

Італьянскі прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Флявіё ды Джакама канстатуе, што за апошні год колькасць загінулых мігрантаў у моры павялічылася ў сотні разоў. Летась у перыяд са студзеня па красавік зафіксавалі 96 смяротных выпадкаў, у той жа перыяд, але сёлета на моры загінулі больш за 1600 мігрантаў.

«Ёсць шэраг прычынаў, якія стаяць за ростам колькасці ахвяраў. Па-першае, судны, якія выкарыстоўваюць для перапраўкі мігрантаў, старэць і ўсё больш зношваюцца. Па-другое, цяпер значна цяжэй зарганізаваць маштабныя ратаўнічыя аперацыі», – зазначае Флявіё ды Джакама.

Няма грошай на ратаванне

Напрыканцы мінулага году італьянскі ваенны флот прыпыніў маштабную ратаўнічую аперацыю «Mare Nostrum» праз тое, што спынілася агульнаеўрапейскае фінансаванне. За час дзеяння «Mare Nostrum» на Мижземным моры выратавалі ад смерці больш за 140 тысячаў жыццяў.

«Пасля таго, як «Mare Nostrum» спынілі, мы засталіся толькі з берагавою аховаю. Яе працаўнікі ратуюць жыцці мігрантаў нават рызыкуючы сабою. Але сігналаў бедстваў паступае так шмат, што не заўсёды магчыма ўратаваць усіх», – кажа Флявіё ды Джакама.

Прэм’ер-міністр Італіі назваў апошнюю трагедыю на Мижземным моры «забойствам, якое адбываецца штодня». Цяпер прэм’ер Матэа Рэнцы патрабуе склікаць экстранны саміт ЕЗ, каб еўрапейскія краіны разам шукалі выйсця з гэтай сітуацыі.

Чаму гінуць мігранты?

Падобныя трагедыя ў Міжземным моры часта адбываюцца паводле падобнага сцэнара. Уцекачы з Паўночнай Афрыкі на старых рыбацкіх караблях спрабуюць пераплыць мора, каб даплыць да берагоў Італіі ці Мальты. Ім трэба праплыць каля 500 кіламетрах на перагружаных старых лодках.

Судна нярэдка перакульваецца, калі мігранты бачаць ваенны ці іншы карабель – яны скапліваюцца на адным з бартоў ды імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу. Калі гэта адбываецца падчас моцных хваляў або шторму, карабель можа перакуліцца.

Паводле інфармацыі ААН, летась каля 219 тысячаў мігрантаў пераплылі Міжземнае мора, пры гэтым больш за 3,5 тысячы загінулі.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары