Марш салідарнасці з журналістамі забаранілі. Апазіцыя вырашае, што рабіць далей


Менгарвыканкам забараніў правядзенене маршу салідарнасці з журналістамі і прафсаюзам РЭП, які апазіцыя планавала правесці 15 верасня.

Арганізатары планавалі прайсці шэсцем ад кінатэатру «Кастрычнік» да Опернага тэатру, дзе мусіў адбыцца мітынг. Гарадскія ўлады, паводле сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, спаслаліся на тое, што ў заяўка нібыта не адпавядае пераліку дазволеных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Хаця пляцоўка каля кінатэатру «Кастрычнік» – традыцыйнае месца правядзенне дазволеных акцыяў апазіцыі, а каля Опернага тэатру сёлета праводзілася святкаванне Дня Волі.

Як распавёў belsat.eu Віталь Рымашэўскі, арганізатары акцыі абмяркуюць свае далейшыя дзеянні 10 верасня.

«Фармат мерапрыемства ў Менску мы будзем вырашаць, супольная пазіцыя будзе неўзабаве агучана. Усе прапановы па правядзенню кампаніі салідарнасці з журналістамі застаюцца актуальнымі – і мітынг салідарнасці ў Менску, і акцыі ў падтрымку журналістаў у рэгіёнах, і зварот да міжнароднай супольнасці, абмеркаванне сітуацыі с парушэннямі правоў чалавека ў парламенце заходніх краінаў», – адзначыў Рымашэўскі.

Заяўку на правядзенне маршу салідарнасці падавалі Віталь Рымашэўскі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў і старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Падставаю для арганізацыі акцыі стала «справа БелТА» і суд над прафсаюзам РЭП.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў