«Марш недармаедаў» забаранілі ў Магілёве


Плаціць падаткі можна, пратэставаць – нельга. У Магілёве забаранілі «Марш недармаедаў». Такое рашэнне прыняў гарадскі выканаўчы камітэт.

Мясцовыя ўлады патлумачылі заяўнікам, што цэнтр гораду – гэта не прастора для выказвання грамадскай думкі, а адзіным месцам для пратэстаў мусіць быць стадыён на вуліцы Чалюскінцаў.

«Мы паўгода таму сабраліся, усе дэмакратычныя рухі, партыі, грамадскія арганізацыі і дамовіліся: заяўкі на той адстойнік на ўскраіне гораду не падаваць. Гэта прыніжальна», – кажа ў каментары «Белсату» старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

Апазіцыянеры тлумачаць, што заяўка датычыла правядзення шэсця на вуліцы Ленінскай. Вуліца – пешаходная, таму мітынгоўцы ніяк не перашкодзілі б грамадскаму парадку.

Паводле каардынатару БХД у Магілёве Алегу Аксёнаву:

«Мы падавалі заяву на правядзенне не мітынгу, а шэсця па адзінай пешаходнай вуліцы Магілёва».

«Гэтая адмова сведчыць, што права на свабодныя сходы ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца», – заяўляе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. 

Паводле Рымашэўскага, ужо тое, што грамадзяне павінны браць дазвол на пратэст, зʼяўляецца парушэннем права на свабоду сходаў.

«Але нават калі дэмакратычная апазіцыя выконвае фармальныя патрабаванні, улады ігнаруюць права на правядзенне мірных сходаў», – дадае ён.

Уладзімір Шанцаў падсумоўвае, што апазіцыя не хоча праводзіць несанкцыянаванай акцыі, і таму на пратэст нікога не заклікае. У той жа час ніхто не можа забараніць шпацыраваць па пешаходнай вуліцы, таму сам актывіст плануе выйсці і прагуляцца па вуліцы Ленінскай 19 лютага а 12 гадзіне.

13 лютага стала вядома, што ў Горадні таксама не дазволілі «Марш недармаедаў». Прычыны падобныя.

Дэкрэт № 3 закрануў тысячы беларусаў

17-га лютага «Марш недармаедаў» плануе былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч. Абʼяднаная грамадзянская партыя рыхтуе такую акцыю ў Менску, Магілёве і Гомлі 15-га сакавіка. У іншых гарадах людзі абʼядноўваюць свае сілы самастойна і разам працягваюць збіраць подпісы за адмену падатку, які беспрацоўныя мусяць заплаціць да 20-га лютага.

Нягледзячы на заяву Лукашэнкі, што дэкрэтам № 3 не задаволеныя некалькі тысяч грамадзянаў, сотні тысяч грамадзянаў беларусі выступаюць супраць яго.

Кампанія збору подпісаў за адмену дэкрэту № 3 пачалася 17 студзеня. Між іншым, застаўся тыдзень, каб сплаціць дармаедскі падатак. «Збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў» аплацілі толькі 46 тысяч беларусаў, то бок менш за 10 % «дармаедаў».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў