«Марш недармаедаў» (магчыма) пройдзе ў Гомлі 19 лютага


Заяўку ў Гомельскі гарвыканкам на правядзенне «Маршу недармаедаў – абураных беларусаў» актывісты падалі ў пятніцу. Калі яе не задаволяць, палітыкі «разгледзяць варыянты» несанкцыянаванага шэсця.

Арганізоўваць шэсце збіраюцца прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», аргкамітэту дзеля стварэння партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларускага нацыянальнага кангрэсу, актывісты хочуць звярнуць увагу людзей на «дыскрымінацыйны і антыканстытуцыйны» дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

«Марш мы плануем правесці 19 лютага ад плошчы Паўстання па вуліцы Савецкай і да плошчы Леніна, – кажа намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў, адзін з заяўнікаў. – Хочам мірнай акцыяй прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы прымусовай працы, незаконнага пераследу грамадзянаў, якія не працуюць».

Заяўнікі спадзяюцца, што ў маршы возьмуць удзел да тысячы чалавек.

Калі гарвыканкам не дазволіць шэсця (хутчэй за ўсё так і будзе), актывісты збіраюцца разгледзець варыянты несанкцыянаванага пратэсту.

У гэты ж дзень падобныя марш маюць прайсці ў Горадні і Магілёве.

17 лютага «Марш абураных беларусаў» пройдзе ў сталіцы – менчукоў на яго запрасіў Мікола Статкевіч.

ДД

Глядзі таксама
Каментары