Марозіва, як у 1937 годзе? Завод-вытворца абяцае адыходзіць ад саветчыны


Фота Андрэй Стрыжак

Праваабаронца Андрэй Стрыжак апублікаваў у «Facebook» фотаздымак з упакоўкі магілёўскага марозіва «Пламбір 15 %». Яго абурыла гістарычная згадка пра з’яўленне эскімо ў Расеі – у 1937 годзе.

«Крафтавыя часы былі, хлопцы і дзяўчаты. У 1937 годзе ручная дазавальная машына сістэмы Нагана якасна і надзейна заварочвала ў саван сотні тысячаў асобаў. Я думаў, што Гомельская фабрыка марозіва са сваім «Белым полюсам – 1938» вычарпала тэму, але іх магілёўскія калегі вырашылі зрабіць крок далей», – напісаў Андрэй Стрыжак.

У каментарах карыстальнікі сацсеткі пачалі выказвацца пра неадназначную ўпакоўку, сталінскія часы, «рускі мір» і СССР.

Фабрыка марозіва: будзем адыходзіць ад «савецкіх правілаў»

Адкуль узнікла ідэя вырабіць упакоўку са згадваннем Расеі і 1937 года? У аддзеле маркетынгу Магілёўскай фабрыкі марозіва кажуць, што маркетолагі, якія прыдумалі канцэпцыю, ужо ў іх не працуюць. І тлумачаць канцэпцыю:

«Гэты факт – не адзіны, указаны на ўпакоўцы, агулам іх сем. Гэта геаграфічнае гістарычнае падарожжа пра станаўленне і папулярнасць марозіва. Там былі факты і пра Амерыку, і пра Англію, і пра Францыю. У 1937 годзе пабудавалі першую фабрыку па прамысловым вырабе марозіва. Тое, што гэты год супаў з такім няпростым часам для ўсяго савецкага народу, – гэта супадзенне. Мы ніяк не хацелі патурбаваць розумы беларускага насельніцтва згадваннем гэтага года».

Супрацоўніца аддзелу маркетынгу кажа, што ўзнікненне асацыяцыяў з рэпрэсіямі – «не вельмі добра». Пры гэтым дадае, што з 2014 года, калі пачалі выпускаць «Пламбір 15 %», прэтэнзіі ўзніклі ўпершыню. Супрацоўніца кажа, што на наступны год плануецца «кардынальны рэбрэндынг», пасля якога не застанецца спрэчных упаковак:

«Мы адыходзім ад гэтай гістарычнасці і следавання нейкім савецкім правілам вырабу марозіва – год, атрыбутыка. Мы становімся сучаснымі, глядзім у будучыню. Сучаснае беларускае марозіва, ніякай саветчыны».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў