Марк Цукерберг анансаваў рэформу Facebook, якая можа прывесці да зніжэння трафіку шэрагу СМІ


Сацыяльная сетка «Фэйсбук» у бліжэйшыя дні пачне ў прыярытэтным парадку паказваць у стужцы тыя пасты, з якімі ўзаемадзейнічалі асабіста знаёмыя карыстальнікам людзі, на шкоду кантэнту, размешчанаму СМІ і камерцыйнымі кампаніямі.

Пра гэта абвясціў кіраўнік кампаніі Марк Цукерберг.

«Мы адчуваем на сабе адказнасць за тое, каб нашы сэрвісы былі не проста прыемныя ў выкарыстанні, але і карысныя для дабрабыту людзей», – напісаў Цукерберг у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

Ён спаслаўся на даследаванні, якія сведчаць, што «калі мы выкарыстоўваем сацыяльныя сеткі для сувязі з людзьмі, якія нам неабыякавыя, гэта паляпшае наш дабрабыт. Мы адчувае сябе больш уключанымі і менш адзінокімі». У той жа час, «пасіўнае чытанне артыкулаў і прагляд відэа, нават калі яны пацешныя або інфарматыўныя, не гэтак карысна», адзначыў Цукерберг.

Змены адбудуцца на працягу бліжэйшых некалькіх тыдняў.

Лора Хазард Оўэн з Гарвардскага універсітэту лічыць гэта важнымі пераменамі, якія асабліва адаб’юцца на СМІ – у стужцы ФБ будзе зʼяўляцца менш навінаў.

Карэспандэнт Бі-бі-сі па пытаннях тэхналогіяў Дэйв Лі адзначае, што ў нейкім сэнсе Facebook вяртаецца да сваіх каранёў, распаўсюджваючы пасты і думкі вашых сяброў, а не навіны якімі яны вырашылі падзяліцца.

«У першы раз Марк Цукерберг супярэчыць аднаму з сваіх асноўных прынцыпаў: любыя змены ў гэтай сацсеткі павінны павялічваць удзел карыстальнікаў. Але 2017 аказаўся складаным для кампаніі, і Цукерберг, відаць, зразумеў, што пасля скандалу вакол фэйкавых навінаў, і, улічваючы той факт, што «Фэйсбук» набіты загалоўкамі-прыманкамі, не ўсякае павелічэнне актыўнасці карыстальнікаў ідзе кампаніі на карысць», – кажа ён.

Паводле Дэйва Лі, гэта можа апынуцца дрэннай навіной для прэсы, бо яна атрымлівае значную частку трафіку з «Фэйсбука».

Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША ў 2016 годзе і на працягу наступнага года было заўважана, што «Фэйсбук» стаў найважнейшым каналам распаўсюджвання дэзынфармацыі. Праведзеныя даследаванні паказвалі, што частка фэйкаў распаўсюджвалася проста дзеля рэкламы, але частка зыходзіла ад расейскіх «фабрык троляў».

 

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў