Марцін Рэй: Найлепей, каб байкераў Пуціна не ўпусцілі і ў Беларусь


Belsat.eu паразмаўляў са стваральнікам суполкі «Не пусцім у Польшчу пуцінскіх бандытаў!», якая сабрала ўжо больш 10 тысяч праціўнікаў еўрапейскага мотапрабегу «Начных ваўкоў».

Пратэстны рух супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў» праз Еўропу набірае абароты. Прынамсі ў Польшчы, дзе ў суполку «Не – праезду бандытаў з Расеі» за некалькі дзён дадаліся больш 10 тысяч удзельнікаў. Актывісты таксама падпісалі і скіравалі адпаведную петыцыю на імя шэфа польскага МЗС Гжэгажа Схэтыны. Пад ёй ужо падпісаліся 3 тысячы асобаў.

«Цяпер усе сілы скіраваныя на тое, каб не ўпусціць «Начных ваўкоў» у Польшчу. Шэнгенскія візы байкерам ужо выдала Нямеччына. Але і ў гэтай сітуацыі польскія ўлады маюць права не ўпускаць іх на сваю тэрыторыю, бо яны пагражаюць бяспецы па двум прычынам. Па-першае, яны гангсцеры і на сваім рахунку маюць забойствы, а да таго з’яўляюцца тэрарыстамі, бо змагаюцца на баку сепаратыстаў на Данбасе. Па-другое, калі яны ўедуць у Польшчу, можна чакаць сутычак. Можа нават дайсці да выкарыстання гвалту. А «Начныя ваўкі» праўдападобна імкнуцца да правакацыяў. Напрыклад, каментары лідара клубу Аляксандра «Хірурга» Залдастанава пра тое, што кожны, хто супраць іх праезду праз Польшчу – патомкі ахоўнікаў гета».

Расейская прапаганда робіць нам пастку. Можна спадзявацца, што ў паліцыі будзе шмат працы

«З аднаго боку расейская прапаганда будзе выкарыстоўваць факт таго, што ім дазволяць праехаць. Здымаць акцыі падтрымання з удзелам прарасейскіх колаў. Тыя 15 чалавек у расейскай тэлевізіі будуць прадстаўленыя як вялікі тлум. З іншага, сутычкі з нязгоднымі будуць паказаныя як агрэсія польскіх фашыстаў. Гэта праблема прапаганды з абодвух бакоў. Але калі мы іх не ўпусцім, то маем пэўную перавагу. Гэта справа гонару для Польшчы і пасланне для расейцаў. Яны яго зразумеюць: нас не атрымаецца справакаваць і зневажаць. Вельмі важна як на гэта паглядзяць за мяжой. Думаю, украінскія жаўнеры будуць вельмі ўсцешаныя, што палякі можа і не на вайне, але на іх баку», – зазначае Марцін Рэй.

Савецкія метады запужвання і палітычны планктон

«Пагрозы ўвайшлі ў звычку. Кожны дзень мне нешта дасылаюць: снарады, шнуры. У снежні раскідвалі ўлёткі пра тое, што я педафіл. Гэта звычайныя савецкія метады, яны мяне не абражаюць. Паліцыя гэтых людзей схопіць. Нас не запалохаць. Тая прапуцінская меншасць сапраўды з’яўляецца меншасцю. Яны шкодныя, але Польшча – гэта найбольш непрыдатны край для расейскай прапаганды. Прарасейскія групы тут – гэта палітычны планктон і экстрэмісты. Палякі настаўлены патрыятычна. Найлепей каб гэтых байкераў і ў Беларусь не ўпусцілі. Можа гэта малаверагодна, але часамі Бацька ўмее здзіўляць».

Мотапрабег прымеркаваны да Дня Перамогі мае стартаваць 25 красавіка ў Маскве і скончыцца 9 траўня ў Берліне. Маршрут «Начных ваўкоў» праходзіць праз Беларусь, Польшчу, Аўстрыю, Чэхію і Славакію, якія афіцыйна не выступілі супраць праезду байкераў праз свае тэрыторыі.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Начныя ваўкі» – найстарэйшы мотаклуб Расеі. У апошні час чальцы брыгады сталі вядомыя сваёй прыхільнасцю да палітыкі Крамля. Матацыклісты адкрыта падтрымлівалі «зялёных чалавечкаў» у Крыму і дапамагалі анексаваць украінскі паўвостраў.

Лідар байкераў Аляксандр «Хірург» Залдастанаў, які блізка сябруе з Пуціным і Кадыравым, ініцыяваў і суарганізаваў «Антымайдан». «Начныя ваўкі» былі ў нашай краіне зусім нядаўна. У лютым 2014-га года яны ладзілі мотапрабег «Белая Русь» у падтрыманне Маскоўскага патрыярхату.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў