Манастыр як яблык нязгоды: хто святкуе, а хто сумуе…


Праваслаўныя ў Горадні зладзілі хросны ход у памяць 23-й гадавіны «вяртання манастыра».

Архіяпіскап Наваградскі і Слонімскі Гурый і настаяельніца манастыра матушка Гаўрыіла ўзначалілі хросны ход вакол манастырскага комплексу першага ліпеня. Разам з імі адстаялі літургію ды абышлі храм па колу некалькі сотняў праваслаўных венікаў.

Свята-Раства-Багародзічны манастыр – адзіны жаночы праваслаўны кляштар у Горадні. Да 1992-га году тут месціўся ўнікальны для Беларусі Музей гісторыі рэлігіі і атэізму, які праваслаўным перадалі гарадскія ўлады, нягледзячы на пратэсты музейшчыкаў і …грэка-католікаў, якія на той момант ужо былі зарэгістраванай канфесіяй.

Справа ў тым, што познебарочны комплекс храму і манастыра будаваўся ў XVIII ст. патомным архітэктарам Іосіфам Фантана менавіта для грэка-каталікоў. Наступныя сто год тут месціўся кляштар сясцёр-базыльянак, ажно да скасавання Ўніі і перадачы будынкаў праваслаўным у 1843 годзе.Менавіта з гэтай прычыны на пачатку 1990-х на манастыр было як мінімум два прэтэндэнты: грэка-каталікі ды праваслаўныя.

Гісторыю, як вядома, пішуць пераможцы, таму, атрымаўшы ад уладаў комплекс, апошнія спрабавалі ўсімі сіламі сцерці след пра сапраўдную гісторыю будынкаў: на барочных купалах з’явіліся зоркі, характэрныя для ўсходняй традыцыі і нават разлічаная на турыстаў шыльда з QR-кодам, пастаўленая на грошы Еўразвязу, паведамляе турыстам, што гэта «Стаўрапігіяльны Ражджаства-Багародзічны стаўрапігійны жаночы манастыр» замест падачы гістарычных звестак. Асноўная шыльда, прадугледжаная для гісторыка-культурных каштоўнасцяў, дзе б меўся фігураваць час пабудовы комплексу наагул адсутнічае, што ёсць парушэннем закону.

Таму і на хроснай хадзе, прысвечанай 23-м угодкам «вяртання манастыра» настаяцельніцы склаў кампанію не гарадзенскі епіскап Арцемій, а менавіта Гурый, шырока вядомы сваймі выказваннямі супраць грэка-католікаў. Такім чынам напружанне паміж канфесіямі трывае дагэтуль, а маёмасныя спрэчкі могуць аднавіцца, пакуль хоць недзе захоўваюцца звесткі пра першых уладальнікаў кляштара.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў