«Мама», «Re1ikt» і «Akute» сталі пераможцамі мегатураў-2015


На Tuzin.fm прайшло падсумаванне вынікаў музычнага сезону 2014-2015. Песняю году стала «Будзь злой» ад гурта «Мама», кліпам – «Чаго ты, лося» гурта «Re1ikt», альбомам – «Reaĺnaść i sny» гурта «Akute».

Ува ўсіх трох чартах барацьба за пазіцыю лідара ішла да апошніх хвілінаў галасавання. У аўдыёчарце ў двубою сышліся магілёўцы – «Angst», праект паэта Віталя Рыжкова, і «Мама» – новы гурт Яна Маўзэра. Па выніку перамогу атрымала песня «Будзь злой», якая набрала 1035 галасоў (ва ўмоўнага суперніка – 996). Гэта другая песня каманды, у якую акрамя Маўзэра ўвайшлі дасведчаныя музыкі – гітарыст Сяргей Нікалайчанка (граў у гурце Анжалікі Агурбаш, меў праект «Віртуальныя тэхналогіі»), басіст Уладзімер Развадоўскі (граў у Ларысы Грыбалёвай, гурце «Yellow Brick Road», а цяпер у «Без билета»), бубнач Арцём Крышчановіч («Тэзаўрус», «Скімэн»), а таксама паплечнік Яна па гурце «Mauzer» – Уладзімер «Kolxz» Селядцоў (клавішы, запіс). Увосень гурт мае намер даць першы канцэрт.



Поўнай нечаканасцю можна назваць перамогу ў відэачарце кліпа «Чаго ты, лося» гурта «Re1ikt», якія не былі ў ліку фаварытаў. Цягам сезону быў лідарам кліп Змітра Вайцюшкевіча «Дачакайся, матуля», які саступіў пазіцыю лідара толькі двойчы за ўвесь час. Але ў мегатуры наперад вырваўся «Лося» і «As Bas» гурту «Irdorath». У «Re1ikt’у» па выніку апынулася больш актыўных і зацятых прыхільнікаў, дзякуючы якім набралася 566 галасоў (у іх умоўных супернікаў – 557). Кліп на народную песню «Чаго ты, лося» зняў лідар і каманды Алесь Дземідзенка. Здымкі адбыліся ў Лошыцкім парку на світанку, а акром музыкаў у відэа можна пабачыць беларускую абрадавую ляльку – акурат такія часам разыгрываюцца на канцэртах «Жывы Тузін». Адметная праца яшчэ і тым, што ў яе не было ўкладзена ані рубля.

У альбомным чарце ў двубоі сышліся «TonqiXod» з дэбютнікам «Pradmova», які ўзяў ужо ўсе магчымыя прызы на ўзнагародах Experty.by, і трэці дыск гурта «Akute» – «Reaĺnaść i sny». Перамога – за гуртом Стаса Мытніка і Ромы Жыгарава: 361 голас супраць 345. Па выхадзе найлепшага альбому сезону Tuzin.fm напісаў, што музыкі ў ім нічога рэвалюцыйнага не прапаноўваюць як у тэматычным, так і ў музычным плане. Яны трымаюцца свайго аднойчы знойдзенага стылю, і пакуль гэта не дакучае. Няма тут адчування заезджанай кружэлкі, якое бывае, калі музыка кожны раз эксплуатуе адзін і той жа вобраз праз творчую недзеяздольнасць.

У тым ліку дзякуючы таму, што музыкі кшталтуюць сваё майстэрства і павышаюць шторазу свае патрабаванні да агульнага саўнду, іхныя новыя песні гучаць яшчэ больш адточана ды насычана.

Віншуем пераможцаў мэгатураў на Tuzin.fm!

Стужка навінаў