«Малым тут не месца». Пяць краінаў, дзе дзецям жывецца найгорш


Паводле сусветнага рэйтынгу «KidsRights Index» найлепей дзеці пачуваюцца ў Партугаліі, Нарвегіі, Швейцарыі, Ісландыі ды Іспаніі. У спісе 165 краінаў. Апошнія радкі рэйтынгу занялі Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Афганістан, Сьера-Леонэ, Вануату, Чад. Як жывецца дзецям у гэтых краінах?

Чад: дзеці – зброя ў руках тэрарыстаў

Дзіця ў шпіталі.
Фота: Bardell Andreas / Aftonbladet / IBL / ZUMAPRESS.com / FORUM

Тэрарысты з групоўкі «Бо-ко Харам» вельмі часта выкарыстоўваюць дзяцей у злачынных мэтах. Яны вярбуюць іх, каб выкарыстоўваць у якасці смяротнікаў.

Паводле дакладу UNICEF з 2014 па 2017 год у краінах басейну возера Чад у якасці тэрарыстаў-смяротнікаў было выкарыстана 117 дзяцей, збольшага дзяўчынкі. У UNICEF адзначаюць, што дзяцей, якім удалося ўцячы ад тэрарыстаў, не прымае грамадства, бо асацыюе іх з пасобнікамі злачынцаў.

Афганістан: чацвёра з пяці не дажываюць да году

Rahmat Alizadah / Xinhua via ZUMA Wire / FORUM

Дзеці ў Афганістане таксама церпяць ад дзеянняў тэрарыстычных груповак. Паводле UNICEF у 2017 годзе ў Афганістане 80 тысячаў дзяцей памерлі, не дажыўшы да 5 гадоў. Чацвёра з пяці не дажылі і да году.

Высокая смяротнасць яшчэ абумоўлена недахопам вакцынаў у рэгіёне. Толькі 63% дзяцей прышчэпленыя. Тыя, у каго атрымалася перажыць першыя гады свайго жыцця, пакутуюць ад голаду. Па падліках UNICEF больш мільёна дзяцей знясіленыя.

Адукацыя для маленькіх дзяўчынак больш прывілей, чым правіла.

Сьера-Леонэ: дзеці-жаўнеры

REUTERS / Afolabi Sotunde / FORUM

Дзеці ўдзельнічалі ў вайсковых канфліктах у якасці жаўнераў. Вядомыя выпадкі, калі васьмігадовыя былі вымушаныя браць удзел у вайне. Паўстанцы прыходзілі ў вёскі і прымусова набіралі ў свае групы дзяцей. Яны лічылі, што калі дзіцё можа падняць аўтамат, значыць можа ісці ваяваць.

У гэтай краіне таксама вельмі распаўсюджаны сексуальны гвалт у дачыненні непаўнагадовых.

Вануату: вогненная выспа

Эвакуацыя падча вывяржэння вулкану. REUTERS / Ben Bohane / FORUM

У Вануату дагэтуль не ратыфікаваныя некаторыя міжнародныя пагадненні, якія рэгулююць правы чалавека. Дыскрымінацыя жанчынаў прыводзіць да таго, што большасць дзяцей пасля разводу застаецца з бацькам.

Але адна з самых вялікіх пагрозаў для дзяцей у Вануату – гэта прырода. У краіне вельмі часта здараюцца вывяржэнні вулканаў. Праз гэта часта даводзіцца закрываць школы. Попел забруджвае паветра і ваду, знішчае ўраджай і аказвае згубнае ўздзеянне на здароўе людзей. Найбольш уразлівымі ў такіх сітуацыях з’яўляюцца жанчыны і дзеці.

Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка: смерць, гвалт і голад

REUTERS / Baz Ratner / FORUM

Праз узброеныя канфлікты кожнае пятае дзіцё было вымушанае пакінуць свой дом. З гэтай краіны прыходзяць жудасныя паведамленні пра забойствы дзяцей. З 2011 па 2015 год зафіксавана 333 выпадкі забойстваў непаўнагадовых. 589 асобаў атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні. Таксама ААН паведамляе, што ў краіне квітнее сексуальны гвалт у дачыненні да дзяцей. Збольшага гвалтуюць іх прадстаўнікі вайсковы груповак. У гэтай краіне таксама выкарыстоўваюць дзяцей у вайсковых мэтах. У 2014 годзе па падліках UNICEF ад 6 да 10 тысячаў дзяцей былі звязаныя з вайсковымі фармаваннямі. Дзяцей выкарыстоўвалі падчас баявых дзеянняў і ў якасці сексуальных рабоў. Таксама яны былі вымушаныя працаваць у як інфарматары.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў