Малішэўскі: Няма ніякай справядлівасці – бʼюся, таму што бʼюся


Лаўрэат прэстыжнай прэміі «The BOBS-2016» блогер Віктар Малішэўскі разважае пра тое, ці небяспечны «Антыжурналіст» для ўлады, пра нянавісць да журналістыкі, выказванні Ананіч і дэмакратыю.

50 долараў, онлайн «Фоташоп» і крыху вольнага часу

– У першую чаргу я хачу павіншаваць Вас з перамогаю. Наколькі гэтая перамога важная для Вас?

– Спытайцеся ДыКапрыё, ці для яго важна было атрымаць «Оскара», ці ў «Лэстэра» – наколькі важна яму было перамагчы ў чэмпіянаце Англіі па футболе. Паводле любых паказчыкаў галасаванне павінна было быць прайграна блогу “Такие дела”. Гэта цікавы досвед мабілізацыі людзей у інтэрнэце. І гэта сведчыць пра пэўныя магчымасці беларусаў.

Мне падаецца цудоўным той факт, што сайт, які каштуе 50 долараў, і блогера, што робіць «лічбы дня» з дапамогаю бясплатнага «Фоташопа-онлайн», могуць прызнаць на такім узроўні.

– Ці вы знаёмыя з блогамі іншых удзельнікаў? Мне, напрыклад, падалася цікаваю ініцыятыва «Прожито» – збор дзённікавых запісаў як вядомых, так і цалкам звычайных людзей.

– «Прожито» – простая ды сімпатычныя ідэя. «Такие дела» – нам не хапае такога рэсурсу, трэба сцягваць іхныя ідэі.

– Як зʼявілася ідэя гэтай «мовы лічбаў»? Чаму «Антыжурналіст»?

– На пытанне «пра антыжурналіста» адказваю журналістам у кожным інтэрвʼю. І ў мяне ёсць некалькі цалкам розных версіяў адказу. Самая правільная: я хачу, каб журналісты перасталі задаваць адныя і тыя ж пытанні. Можна ж запытацца, напрыклад, навошта вы хлусіце, што не журналіст? Або так: за што вы ненавідзіце журналістыку?

– А за што вы ненавідзіце журналістыку?

– За тое, што ўсе медыі напішуць пра бамжа з пераходу, якога штурхануў міліцыянт, атрымаюць «сучасны трафік» – і забудуць пра гэтага бамжа.

– Гэта ж закон медыяполя. Пяць хвілінаў мы смуткуем з прычыны смерці кагосьці, пяць хвілінаў цешымся праз пэўную нагоду – і ўсё гэта ператвараецца ў бясконцую плынь.

– Ну, дык і няма чаго потым скардзіцца, што вас не хочуць пачуць.

– Колькі прыкладна асобаў наведваюць публікацыю на Вашым сайце?

– 2-3 тысячы.

– Які быў першы пост на «Антыжурналісце»?

– Першы пост быў пра тое, як у музеі Берасцейскай крэпасці, «у рамках плана па платных паслугах», мне спрабавалі прадаць права пераздымаць ліст лейтэнанта, што ён напісаў за некалькі дзён да вайны.

– І чым усё скончылася?

– Я запрапанаваў: «У такім выпадку, ці вы можаце перавесці грошы ягонай сямʼі?» І тады далі здымаць бясплатна.

– Што прымушае Вас пісаць?

– Крыху вольнага часу ды безліч свабодных ідэяў – трэба з імі нешта рабіць. Яшчэ я чытаю нашыя СМІ…

«Б’юся, таму што б’юся»

– І Вас прабівае на «напісаць»? Гэта што, паталагічная цяга да справядлівасці?

– Няма ніякай справядлівасці (смяецца). Бʼюся, таму што бʼюся.

– Прыгожа. Ну, а наколькі гэта прынцыпова для Вас: пісаць ці не пісаць? Што прымусіла бы перастаць пісаць?

– Я не пішу дзеля прынцыпу. Добрая кніжка мяне спыніць.

– Якога кшталту гэтыя кніжкі?

– Калі я пачну нешта чытаць, то ўсё. З апошняга: Фаўлз, Дастаеўскі, Дзмітрый Быкаў.

– Якім чынам так здараецца, што ўрадоўцы выкладаюць у агульны доступ лічбы, якія потым іх саміх і дыскрэдытуюць?

– А яны нічога не выкладаюць. Яны даюць справаздачу пра добра праведзеную працу. Напрыклад, падаткавая інспекцыя не паведамляе пра тое, што 99% праверак далі вынік – падаткавая цешыцца гэтымі цудоўнымі лічбамі ды справаздачыцца пра сваю эфектыўнасць. Тая ж фігня з судамі ды 98% прысудаў.

– Ці вас неяк хвалюе, што мы жывем у эпоху копіпасту?

– Слушны копіпаст можа быць круцейшы за арыгінал. І гэта праблема арыгіналу.

– Вам лічбы не сняцца? Не стаміліся?

– Я праз лічбы мала сплю – прыходзіцца пісаць па начох.

– Дык, можа, і ну яго? Навукоўцы ўжо даўно даказалі: хто спіць уначы і рана кладзецца – той доўга жыве.

– Няма іншага часу на блог, і мне цалкам хапае пяці гадзінаў, каб выспацца.

– Вы кажаце: «Каб мой блог быў на беларускай мове, ягонае падтрыманне было б яшчэ большым». Чаму?

– Таму што не кожны беларускамоўны будзе галасаваць за цябе ў намінацыі «Найлепшы блог на расейскай мове», і я іх разумею.

– Беларуская ўлада раз-пораз блакуе нейкія сайты, але, як я разумею, Ваш – ніколі. Ці вам не крыўдна?

– Нельга проста так узяць ды абвергнуць сваю ж афіцыйную статыстыку.

– Ці можна зрабіць выснову, што, на думку рэжыму, Вы не ўяўляеце для яго пагрозу?

– Апошняму рэжыму Еўропы небяспечна баяцца некага там блогу. Ды і пофіг…

– Вы, я думаю, у курсе, як узбаламуцілася дэмакратычная тусоўка праз хамскія паводзіны і дзіўныя заявы байкера Залдастанава. На вашую думку, ці варта забараняць яму ўезд?

– Наагул забараняць трэба толькі тое, што прапануе забараняць дэмакратычная частка грамадства. Была бы выдатная краіна.

– Наколькі Вы дэмакрат адносна ўсялякіх забаронаў на ўезд, выезд, выступы?

– Гэта не будзе іншая краіна, калі пачнуць дазваляць канцэрты Вольскага і забараняць Залдастанава.

Маветон і патрыёт

– На маю думку, Вы маеце скажонае ўяўленне пра дэмакратыю. У Польшчы вунь карэспандэнту «Russia Today» забаранілі ўезд, ва Украіне наагул усім запар забараняюць. Ці гэта дэмакратычна, забараняць усім, хто памыляецца, кажа не тое, што хоча дэмакратыя, ці нават хлусіць?

– Ага, разумею, што дэмакратыя мусіць вучыць сябе абараняць, а ўсе напалоханыя Украінаю і гатовыя «крыху ахвяраваць». І, мне падаецца, гэта занадта небяспечная спакуса, пастка, якая даводзіць, што забароны больш эфектыўныя за свабоду слова. І даводзіць гэта дэмакратыя, што выдатна (І доказам гэтаму дэмакратыя, што выдатна).

– Як Вы ставіцеся да СМІ, якія працуюць з-за мяжы на замежныя грошы?

– Калі СМІ маюць канцэпцыю, усе яе разумеюць, гэтыя СМІ адкрыта кажуць, адкуль яны надаюць і за якія грошы – наагул няма праблемы. Да таго ж, вы забываеце пра тых, хто дае гэтыя «грошы з-за мяжы» на развіццё дэмакратыі, напрыклад.

– У кніжцы пра журналісцкую этыку Анатоля Гуляева ёсць выказванне аднаго беларускага філосафа, паводле якога ўсё медыяполе ў Беларусі выразна падзеленае на прадзяржаўныя і апазіцыйныя СМІ, што кожнай з дзвюх гэтых групаў уласцівыя свае міфы, і што яны несвабодныя ад ідэяў барацьбы – адныя з апазіцыяй, другія – з рэжымам. Што Вы пра гэта думаеце?

– Думаю, філосафу ўдалося заняць тую ўнікальную пазіцыю, якую не могуць заняць беларускія і любыя іншыя СМІ. Самыя бесстароннія медыі – фудблогеры. Асабліва тыя фудблогеры, у якіх няма густу (такіх большасць). Пакуль ніводнаму СМІ не ўдалося дасягнуць падобнай бесстароннасці.

– Вы так сказалі, што паводле Вашых словаў «бесстароннасць» цяпер падаецца нечым недарэчным і безгустоўным.

– Мне падаецца, так і ёсць.

Імкненне да бесстароннасці – глупства, у выніку ты ўлюбляешся ў сваю бесстароннасць і здзяйсняеш яшчэ больш глупстваў. Мне падабаецца пазіцыя супраць усіх, яна больш сумленная.

– Думаю, такая крытычная пазіцыя, «супраць усіх» – найлепшая для журналіста. Незалежныя СМІ супраць усіх ці супраць рэжыму?

– Вядома, супраць рэжыму. Але, з другога боку, СМІ павінны сачыць за ўладаю – гэта іхная праца.

– У лютым 2015 году ў праграме на «Беларусь-1» міністр інфармацыі Лілія Ананіч сказала прыкладна наступнае: «Інтэрнэт – магутная зброя, з яго дапамогаю можна як выхаваць у людзях нешта добрае і напоўніць ведамі, але ён можа выхоўваць і дэструктыўныя праявы, заклікаць дзяцей да суіцыду, альбо заклікаць выходзіць на Плошчу». Чаму яны дазваляюць сабе фактычна атаясамліваць канстытуцыйнае права заклікаць выходзіць на Плошчу з заклікамі дзяцей да суіцыду?

– Міністэрства інфармацыі – дзіўная структура. Яно можа быць амбудсменам, агароджваць свабоду слова і меркаванняў ад дзяржавы, але можа ўводзіць цэнзуру і абмяжоўваць правы людзей на інфармацыю, чым захоплена і займаецца.

– Ці Вы лічыце сябе патрыётам Беларусі?

– Я нават не размаўляю на «мове». Лічыць сябе патрыётам – маветон – таму так, я патрыёт.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары