Маленькі Парыж у Малдове


Маленькім Парыжам называюць у Малдове паселішча Каржэуць на поўначы краіны. Масавая міграцыя жыхароў вёскі ў Францыю на пачатку 90-х, потым амаль такое ж масавае вяртанне, але ўжо з заробленымі ў Францыі грашыма, ператварылі гэтае вельмі звычайнае паселішча ў сапраўдны аазіс прыгажосці і дабрабыту.

У вясковым рэстаране падаюць жабіныя лапкі, а палова аўтамабіляў на вуліцах паселішча – з французскімі нумарамі. Наведаў маленькі Парыж у Малдове і карэспандэнт «Прасвету» Алесь Сіліч.

«Bonjour!» Вось так па-французску амаль без акцэнту і проста з возу вітаюць замежнага журналіста жыхары паселішча, якое яшчэ ў зусім нядаўнім мінулым лічылі ледзь не «палітычнай аранжарэяй» для мясцовай партыі камуністаў. Гэта і нядзіўна, бо вёска Каржэуць на поўначы Малдовы, за 250 кіламетраў ад Кішынэва, – фактычна малдаўская глухамань. Насамрэч жа гэта маленькі Парыж. Гэтак называюць паселішча і ў гэтай мясцовасці, і ва ўсёй краіне.

Бо камунізмам тут ужо і не пахне. Затое пахне… стравамі французскай кухні. Дзівосныя водары якой разам з водарамі традыцыйнай малдаўскай разлятаюцца адсюль, з гэтага ў сучасным стылі пабудаванага з гатэльнымі нумарамі на другім паверсе рэстарану «La Paris». Пачаставацца ў ім можна ўсім тым жа, што і на Champs Elysées.

[vc_single_image image=”368110″ img_size=”large”]

Аляксандр Дзікушар, Шэф-кухар рэстарану «La Paris»: «Фуа-гра з падлівай з грушаў, жабіныя лапкі, усялякія мідыі ў падлівах белых і чырвоных вінных, вустрыцы…».

Унутры рэстарану акрамя французскіх страваў кожнага наведніка чакае і адпаведная атмасфера. «Café Victor», «Monte Cristo» – назвы парыжскіх кавярняў на сценах і… літаральна багацце кветак. А якія імёны ў яго працаўніц! Антуанэта! Ах-ах-ах! Антуанэта Міваван вядзе нас на веранду, дзе ўпіраецца ў неба самы галоўны мясцовы сюрпрыз.

Антуанэта Міваван, адміністратар: «Наш рэстаран называецца «Парыж», а Парыж не быў бы Парыжам без Эйфэлевай вежы. У нас яна такая, не вельмі вялікая, але яна – галоўны элемент нашага рэстарану».

Пабудавалі гэтую прыгажуню – мясцовую малдаўскую «tour Eiffel» – мясцовыя ж умельцы, простыя сяляне. У гонар «асаблівых падзеяў», вяселляў і банкетаў яе падсвятляюць і нават ладзяць святломузычныя імпрэзы. На радасць гасцям і ўсім суседзям.

Валянцін Мнзату, жыхар вёскі Каржэуць, Малдова: «Трошкі прэ гонар ад гэтага нашага рэстарану. Дзякуем Госпаду!».

«Прэ гонар» за сваю вёску і ў яе кіраўніка, або, як тут кажуць, прымара. Чый кабінет хутчэй нагадвае офіс бізнесмена ці прэзідэнта, чым старшыні калгасу, як гэта было раней. Шматлікія нацыянальныя сцягі і… вядома ж, маленькая Эйфэлева вежа на працоўным стале. Атрыбут краіны, куды з’ехалІ, ці, як спачатку думалі, эмігравалІ больш за дзве тысячы вяскоўцаў.

Віктар Андронік, прымар вёскі Каржэуць, Малдова: «Чаму ў Францыю? Гісторыя так пачалася… Даўным-даўно, на пачатку дзевяностых адны хлопцы праз нейкія таварнякі на вуглях першы раз трапілі менавіта ў Францыю. І пачалося. Брат – сябра, сваяка аднаго, іншага пацягнуў. І так пайшло-паехала…».

[vc_single_image image=”368111″ img_size=”large”]

Пайшло-паехала ўсё ў гэтым паселішчы на лад асабліва пасля таго, як амаль усе эмігранты «á la France» гужом пацягнуліся назад, дадому ў Малдову. Хтосьці – часова, хтосьці – назаўсёды. Шмат хто так і курсуе туды-сюды. Прывозячы ў Малдову заробленыя ў Францыі грошы і інвестуючы іх у вясковую інфраструктуру. Ну і ў свае вілы, шыкоўнасці якіх пазайздросцілі б і шмат якія французы.

Іван Андронік, жыхар вёскі Каржэуць, Малдова: «Для мяне Францыя застаецца месцам, дзе можна зарабляць грошы. З задавальненнем чакаем месяц, калі можна прыехаць дадому адпачыць, убачыцца з роднымі».

Ну а пра краіну віна, сыру і, вядома ж, парфумы тым, хто вярнуўся, нагадваюць набытыя ў парыжскіх парфумерных крамках чароўныя бутэлечкі. У Веранікі Лунг на яе туалетным століку іх… ажно 63!

Вераніка Лунг, жыхарка вёскі Каржэуць, Малдова: «Вы ведаеце, што такое Францыя? Гэта вось гэты мой парфумерны столік і французская касметыка».

[vc_single_image image=”368109″ img_size=”large”]

Яшчэ адна фішка паселішча Каржэуць – магчымасць без усялякіх перасадак і аэрапортаўскіх «чэкінаў» дабрацца з палёў малдаўскіх проста да палёў Елісейскіх. І ўсяго за 90 еўраў.

У гэтым камфартабельным рэйсавым аўтобусе, які штотыдзень рушыць маршрутам «Вёска Каржэуць, Малдова – Парыж, Францыя» і назад, рэдка калі застаюцца пустыя фатэлі. Мабыць, для мясцовых жыхароў гэта не проста транспарт, гэта пасланец радзімы. Часцінка роднай вёскі, у якой сувязі з французскаю сталіцаю вельмі моцныя.

Алесь Сіліч, «Прасвет», Малдова

Стужка навінаў