Малдова просіць ААН абмеркаваць вывад расейскіх вайскоўцаў з Прыднястроўя


Кішынэў папрасіў ААН уключыць пытанне аб поўным вывадзе расейскіх вайскоўцаў з Прыднястроўя ў парадак дня на бліжэйшай сесіі Генасамблеі.

Адпаведны ліст пастаяннага прадстаўніка Малдовы пры ААН Віктара Марару апублікаваны 22 жніўня.

У Кішынэве перакананыя, што прысутнасць вайскоўцаў РФ «уяўляе сабой пагрозу для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі», адзначаецца ў лісце.

Марару папрасіў ААН падтрымаць намаганні Малдовы, накіраваныя на завяршэнне працэсу «безумоўнага, упарадкаванага і поўнага вываду замежных узброеных сілаў з яе нацыянальнай тэрыторыі».

Сталы прадстаўнік Малдовы пры ААН прывёў у тэксце звароту вытрымку з дэкларацыі АБСЕ, прынятай у 1999 годзе, у якой віталася «абавязацельства Расейскай Федэрацыі завяршыць вывад расейскіх сілаў з тэрыторыі Малдовы да канца 2002 года».

72-я сесія Генасамблеі ААН адкрыецца 12 верасня.

Кішынэў: «Расейскія вайскоўцы – фактар ​​захавання канфлікту»

2 траўня Канстытуцыйны суд Малдовы прызнаў неканстытуцыйным знаходжанне расейскіх жаўнераў на тэрыторыі Прыднястроўскага рэгіёну рэспублікі.

30 ліпеня ўрад Малдовы апублікаваў заяву, у якой абвінаваціў расейскіх вайскоўцаў у Прыднястроўі ў сімпатыях сепаратысцкаму рэжыму, а Маскву – у невыкананні шэрагу двухбаковых і міжнародных пагадненняў аб урэгуляванні канфлікту ў рэгіёне.

«Аперацыя па падтрыманні міру ператварылася ў фактар ​​захавання прыднястроўскага канфлікту, паколькі перадузятасць і сімпатыі расейскіх міратворцаў да сепаратысцкага рэжыму ў Ціраспалі відавочныя», – адзначалася ў дакуменце.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў