Маладзечна: суд разгледзіць позву бацькоў загінулай школьніцы Вікторыі Папчэні да ўладаў

video

Сёння, 21 снежня, у судзе Маладзечанскага раёну пачнецца разгляд грамадзянскай позвы бацькоў загінулай падчас уборкі бульбы школьніцы Вікторыі Папчэні да райвыканкаму, аддзелу адукацыі, а таксама да двух сельгаспрадпрыемстваў раёну аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Па словах юрыста незалежнага прафсаюзу РЭП Леаніда Судаленкі, пасля таго, як дзяржава адмовілася разглядаць прэтэнзіі бацькоў загінулай пад коламі аўтамабіля дзяўчынкі аб парушэнні права на жыццё дзіцяці, сям’і нічога не заставалася, як прадʼявіць вінаватым пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды.

«Сямʼя ацаніла маральную шкоду ў 50 000 BYN. Вызначаючы суму, мы зыходзілі з існуючай у Беларусі практыкі, калі пасля гібелі работнікаў на тым ці іншым прадпрыемстве сямʼі атрымлівалі прыблізна такія сумы. Зразумела, што жыццё чалавека – не мае цаны, яго немагчыма ацаніць у грошах, тым не менш бацькам, якія страцілі адзінага дзіцяці, трэба неяк далей жыць, прыводзіць, у рэшце рэшт, магілу пахаванага дзіцяці ў парадак», – цытуе юрыста praca-by.info.

Нагадаем, летась кіраўніцтва маладзечанскай школы № 11 выправіла вучняў 8-га класу збіраць ураджай для сельскагаспадарчага прадпрыемства «Усход-Агра». Выезд на бульбу скончыўся трагедыяй – пад коламі самазвала загінула 13-гадовая Вікторыя Папчэня. Кіроўцу асудзілі на 3 гады «хіміі».

Настаўніц Вольгу Завадскую і Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць васьмікласніцы Вікторыі Папчэні, суд Маладзечанскага раёну прыгаварыў да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары