Маладзечанцы пратэстуюць супраць пабудовы гіганцкага свінакомплексу


Жыхары Маладзечна і навакольных вёсак пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва двух буйных свінакомплексаў на 100 тысячаў галоў. Наш рэпартаж – пра змаганне гараджанаў і вяскоўцаў за чыстае паветра.

Маладзечна – у свінячых абцугах

Як кажуць мясцовыя, «беларускі алігарх» Юрый Чыж, уладальнік ТАА «Велес-Міт», канчаткова бярэ горад у свае абцугі. Ужо будуецца новы вялізны мясакамбінат. А ў 2015 годзе на адлегласці 3 і 18 кіламетраў ад гораду, каля вёсак Мойсічы і Соўлава, мусяць паўстаць два буйныя свінакомплексы.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Фірма-замоўнік, ТАА «Велес-Міт» (раней «Трайпл-Велес»), – былы маладзечанскі мясакамбінат, які ў 2009 годзе стаў уласнасцю «Трайплу» і Чыжа.

Свінафермы разлічаныя на 100 тысяч галоў кожная. «У горадзе будзе свіней удвая больш, чым людзей – кожнаму па дзве свінні», – сумна жартуюць маладзечанцы.

Мясцовыя жыхары не вераць уладам ды афіцыйным дакументам, якія запэўніваюць, што свінакомплексы бяспечныя для экалогіі. Людзі гуртуюцца да барацьбы супраць будаўніцтва.

1 снежня а 18:00 у Маладзечанскім райвыканкаме пройдуць грамадскія слуханні ў пытанні будаўніцтва свінакомплексаў.

«Пачынаюць з хлусні»

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Мы едзем у вёску Мойсічы, што за тры кіламетры ад Маладзечна. Ад будучага свінакомплексу, згодна з праектам, яе аддзяляе ўсяго адзін кіламетр і сто метраў. Складальнікі праекту і справаздачы па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе мяркуюць, што такая адлегласць дастатковая для бяспекі і вёскі, і гораду. Жыхары Мойсічаў ужо б’юць трывогу – чыстым паветрам засталося дыхаць нядоўга.

Нас суправаджае Эдуард Баланчук, прадстаўнік Беларускага хельсінкскага камітэту па Маладзечна. Спадар Баланчук не проста паказвае нам ваколіцы, але і збірае подпісы супраць будаўніцтва свінафермаў.

Спыняемся ля ўезду ў вёску.  Пытаемся ў жанчын, якія ідуць насустрач, што чуваць пра будаўніцтва свінафермаў. Адказваюць: «Ды хто яго ведае? Кажуць, што вось, недзе тут будуць будаваць. Але ці сапраўды так блізка?».  «Канешне ж, супраць усе, паветра нам забрудзяць. У нас тут кароўнік – як вывозяць жыжу, дык смярдзіць. А як са свінакомплексу ў Хожава вязуць, дык зусім дыхаць няма чым. Але ці нас хто пачуе?». Жанчыны ставяць подпісы пад зваротам у райвыканкам.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Едзем далей, паглядзець на пляцоўку пад свінаферму. Паказвае нам усё мясцовы жыхар, які просіць не згадваць ягонае імя. Вакол – прыгожыя краявіды ледзь кранутых першым снегам палёў з рунню.

«Вось, а кажуць жа ў ацэнцы ўздзеяння на наваколле, што пад фермы возьмуць землі, на якіх нічога не вырошчваюць, – кажа Эдуард Баланчук. – А тут, бачыце, азімыя ўжо ўзышлі. З хлусні пачынаюць. Дык як можна верыць усяму астатняму, што яны кажуць?»

З пляцоўкі добра бачныя дамы мікрараёну №6 Маладзечна. Менавіта ў гэтым кірунку горад можа будавацца далей. І стане яшчэ бліжэйшы да свінафермы.

 Нашую ўвагу прыцягваюць калочкі з прывязанымі пакетамі памаранчавага колеру, убітыя дзе-нідзе вакол поля. «Відаць, «застаўбілі» ўжо гэтую тэрыторыю», – выказвае меркаванне спадар Баланчук.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

«Інвестыцыі і грошы – гэта добра. Але не так блізка трэба будаваць. Забрудзяць усё тут, – кажа наш «гід» з Мойсічаў. – А калі яны будуць гной на палі вывозіць, дык толькі горай зробяць. Вунь, з Хожава возяць. Дык у рэчцы Цвіцені ўжо рыбы ў гэтых месцах няма».

Уласныя свінні цяпер пад забаронаю

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Вяртаемся ў Мойсічы ды ідзем да вясковай старасты, спадарыні Галіны Дараховіч. Жанчына абяцае ўжо да вечара сабраць прыблізна 30 подпісаў на сваёй вуліцы.

«Што ж гэта будзе? Яны што – не разумеюць? Мы то ведаем, што гэта такое. Нацярпеліся ўжо гора з гэтым кароўнікам, што каля вёскі, і з той свінафермай, што побач. Як вецер падзьме, дык смярдзіць немагчыма. А там 25 тысяч галоў. Дык што будзе тут, дзе будзе сто?» – пытае жанчына.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

Але найбольш старасту абурае забарона на ўтрыманне ўласных свіней. Згодна з пастановаю Міністэрства сельскай гаспадаркі, у радыусе 5 кіламетраў ад буйных свінакомплексаў нельга разводзіць свіней.

«У нас жа хажоўскі свінакомплекс побач. Колькі мы не змагаліся, нельга – і ўсё тут. Цяпер падаўна нічога не даб’емся. А ці ж можна ўтрымаць сябе толькі з курэй?» – абураецца спадарыня Дараховіч.

У афіцыйных справаздачах шмат памылак

 У Маладзечне адною з першых пачала біць трывогу педыятр Марыя Байкова.

«Па-першае, будзе смярдзець, як бы яны не пераконвалі, што не, – кажа спадарыня Байкова. – Па-другое, нам і так няма чым дыхаць. Дзеці ўсё часцей хварэюць на бранхіяльную астму. Яшчэ горш стане з паветрам. Кажаце, новыя працоўныя месцы? Там жа ўсё аўтаматызаванае будзе. І нават калі там будзе 100 працоўных месцаў, гэта праблему занятасці не вырашыць».

У падсумаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе адзначаецца, што стварэнне свінакомплексаў будзе спрыяць выкананню праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну і вобласці. Рызыку небяспечных сітуацый аўтары справаздачы ацэньваюць як мінімальную. Адмыслоўцы робяць выснову, што будаўніцтва свінакомплексаў у Маладзечанскім раёне магчымае.

[vc_single_image image=”13″ img_size=”large”]

 Мясцовы актывіст геолаг Уладзіслаў Юркоў, жыхар в. Лохаўшчына, адкрыў групу ў «Фэйсбуку» «Спынім будаўніцтва свінарніка». Ён вывучыў усе справаздачы адносна ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, правёў свае разлікі і даказаў, што шмат якія паказнікі ў справаздачы пададзеныя няправільна. Так, колькасць адкідаў заніжаная ў паўтара разу. І гэта не адзіная памылка, сцвярджае Уладзіслаў.

Да барацьбы супраць свіных абцугоў далучаюцца хрысціянскія канфесіі Маладзечна. Мясцовы ксёндз Юрый Краўчанка з парафіі Святога Казіміра пагадзіўся абвесціць прыхаджанам пасля нядзельнай службы пра збор подпісаў і раздаць падпісныя лісты. Адкрылі петыцыю ў інтэрнэце, якую ўжо падпісалі каля 300 чалавек: Эдуард Баланчук заклікае ўсіх неабыякавых да лёсу Маладзечна прыйсці 1 снежня на слуханні.

«Людзі маюць права задаць уладам пытанні. А ўлады мусяць прыслухацца. Бо інакш – навошта такая ўлада? Свінакомплексы трэба будаваць там, дзе няма паблізу людзей, за 7-10 км. І навошта так шмат – аж сто тысяч галоў. Можа, мяса будзе каштаваць, як кошык бульбы? Але хто ў гэта паверыць? Да таго ж, людзям забараняюць трымаць свіней. Так знішчаюць і традыцыю, і права людзей самастойна забяспечваць сябе харчамі і карміць сям’ю. Дзяржава сама стварае манапаліста ў вытворчасці свініны. Я не супраць бізнесу, але давайце гуляць па цывільных правілах і паважаць людзей», – зазначае праваабаронца.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў