Маладыя літоўцы ўцякаюць з краіны, каб не служыць?


Літоўскі прэм’ер мяркуе, што вяртанне прызыву магло падштурхнуць маладых людзей да выезду з краіны.

«Калі паглядзець на колькасць адпраўленых маладым людзям запрашэнняў прайсці праверку здароўя, лічбы паказваюць, што частка з іх знаходзіцца за мяжой, і яны з’ехалі акурат у гэты час», – заявіў у інтэрвю «Žinių radijаs» прэм’ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус.

Вярнуць абавязковую вайсковую службу ў Літве прапанавалі ў канцы лютага, у пачатку сакавіка Сейм адобрыў прапанову. Паводле літоўскага Дэпартаменту статыстыкі, за першыя пяць месяцаў года з краіны афіцыйна з’ехалі 19 тыс. чалавек – на 5 тыс. больш, чым за такі ж перыяд 2014 года.

Большая частка маладых людзей добраахвотна выклікаліся прайсці службу ў 2015 годзе, нагадвае Delfi. З-за дастатковай колькасці добраахвотнікаў прызыў быў спынены ў Клайпедскім, Ковенскім, Шаўляйскім, Панявежыскім і Алітускім рэгіёнах.

Штогод 3,5 тыс. асобаў у Літве будуць прызывацца на тэрміновую службу на 9 месяцаў. Да гэтага балтыйская краіна адмовілася ад прызыву ў 2008 годзе.

Адначсаова з гэтым, на фоне расейскай агрэсіі ва Украіне, сярод патрыётаў у Літве набіраюць папулярнасць курсы па выжыванні ва ўмовах вайны. Асновы наступальнай і абарончай тактыкі, выжыванне ў лесе – гэтаму вучаць у Літоўскім звязе стралкоў.

НМ, belsat.eu, Фота з сайту Мінабароны Літвы

Стужка навінаў