Маладыя беларускія музыкі заспявалі Караткевіча, «N.R.M.» і «Queen»


У музычным конкурсе «Заспявай 3.0» бяруць удзел амаль два дзясяткі выканаўцаў. Упершыню ў Беларусі можна «прагаласаваць рублём» за найлепшых маладых музыкаў.

«Разам з праектам Talaka.by мы вырашылі зрабіць падвядзенне вынікаў у такім фармаце, каб кожны, хто сочыць за конкурсам, не проста мог выказаць свае сімпатыі, але рэальна падтрымаць таго артыста і песню, якая прыйшлася да спадобы. І тым самым паўплываць на будучыню беларускай музыкі, бо з такой падтрымкі могуць з’явіцца новыя песні, кліпы і музычныя праекты», – кажа кіраўнік конкурсу «Заспявай 3.0» Сяргей Будкін.

У галасаванні бяруць удзел па шэсць фіналістаў у трох намінацыях конкурсу – «Спяваная паэзія», «Беларускі кавер» і «Замежны пераклад». Усе іх песні можна пачуць на старонцы праекту, але каб аддаць свой голас за ўпадабаную кампазіцыю, трэба зрабіць грашовы ўнёсак. Па выніку галасавання пераможца ў кожнай намінацыі сарве банк – забярэ грошы на сваё далейшае творчае развіццё.

У намінацыі «Спяваная паэзія» музыкі прадставілі кампазіцыі на вершы – у тым ліку класіка Караткевіча, а таксама сучасных паэтаў Канановіча, Кудасавай, Вішнёва. Яшчэ шэсць музыкаў пераспявалі хіты «N.R.M.», «Бонды», «Сяброў» ды іншыя беларускія гурты. У намінацыі «Замежны пераклад» можна пачуць каверы Эрыка Клэптана, «Queen» і «Кіпелава».

Па спасылцы можна праслухаць усе кампазіцыі, якія ўдзельнічаюць у конкурсе.

Усіх фіналістаў конкурсу таксама можна паслухаць ужывую. Ва ўнутраным дворыку на плошчы Свабоды, 4 (тэраса кавярні «Chill Out») усё лета праходзяць канцэрты летняй серыі «Заспявай 3.0» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў. Бліжэйшая імпрэза пройдзе 24 чэрвеня. Разам з фіналістамі конкурсу гуртом SnopSnoǔ, Станіславам Чахоўскім і Яўгенам Барышнікавым на сцэну выйдзе з акустычным сэтам гурт «Nizkiz».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары