«Малады фронт» зоймецца адукацыяй

video

У будучыню праз павагу да мінуўшчыны. Найбольш масавая недзяржаўная моладзевая арганізацыя пачатку 2000-х – «Малады фронт» – аднаўляе адукацыйную дзейнасць са стварэння гісторыка-культурных клубаў. Сустрэча ў першым з іх – імя Вітаўта Вялікага – адбылася ў Менску.

Стратэгію арганізацыі клубаў прынялі на нядаўнім з’ездзе аб’яднання. У прыярытэце – патрыятычнае выхаванне, расповеды пра гістарычныя падзеі ды славутых дзеячаў нашае краіны насуперак распаўсюджванню ідэяў «русского мира».

«Вось гэта паседжанне клубу – такая спроба стварыць стала дзеючую пляцоўку для таго, каб адказваць на тыя выклікі, якія сёння паўстаюць перад нашай краінай. Выклікі гэтыя звязаны ў першую чаргу з агрэсіяй Расеі», – кажа сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Асобу князя Вітаўта Вялікага абралі для дыскусіі на першай сустрэчы невыпадкова. Менавіта пры ім ВКЛ дасягнула найвялікшага росквіту, Пагоня сталася дзяржаўным сімвалам, а краіна распасціраліся ад мора да мора.

«Калі б у нашай гісторыі не было князя Вітаўта, які так зацята змагаўся за вялікакняскую карону з Ягайлам, калі б не было перамогі ў гэтым змаганні, я думаю, што мы б цяпер жылі ў іншай дзяржаве», – тлумачыць пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Ганаровы госць клубу, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, коратка распавёў і пра іншых выбітных беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць і нацыянальную ідэнтычнасць нашай краіны з 18 стагоддзя і да сёння. У прэзентаванае ім трэцяе выданне кнігі «Імёны свабоды» увайшло 300 гістарычных партрэтаў.

Адукацыйныя сустрэчы «Малады фронт» плануе праводзіць раз на месяц. Кожнае наступнае паседжанне будзе прысвячацца асобнай тэме. У хуткім часе – расповеды пра войска ВКЛ, усходнюю палітыку беларускіх князёў, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі.

Цягам бліжэйшых месяцаў у Беларусі з’явіцца сетка такіх клубаў. Прадстаўніцтва ў кожным рэгіёне будзе мець імя свайго славутага дзеяча.

Юлія Лабанава

Глядзі таксама
Каментары