«Малады фронт» заклікае адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы


8 верасня а 18:00 каля расейскай амбасады (Менск, вул. Нававіленская) ў Менску адбудзецца акцыя «Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!», паведамляе міжнароднае грамадскае абʼяднанне «Малады фронт» (зарэгістравана ў Чэхіі).

«Гісторыя саюзных адносін Расеі і Беларусі – гэта гісторыя суцэльных войнаў і паўстанняў. Так 8 верасня адзначаецца ў Беларусі Дзень беларускай вайсковай славы – у гэты дзень у 1514 годзе адбылася Бітва пад Воршай, у якой 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага перамагло 80-тысячнае войска маскавітаў», – адзначае ў сваім прэс-рэлізе «Малады фронт».

«Перамога беларускай зброі ў 1514 годзе на шмат дзесяцігоддзяў спыніла імперскі шал Масквы. Праз паўтысячы год ад тае паразы пад Воршай Масква ізноў прагне крыві і суседскіх земляў, – гаворыць лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. – Сёння як ніколі актуальны словы героя Беларусі Кастуся Каліноўскага: «Народзе, тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе!» Таму мы заклікаем адзначыць 502-ю гадавіну бітвы пад Воршай – Дзень беларускай вайсковай славы! Нагадаем Расеі, што яе чакае, калі яна спрабуе рэалізаваць у Беларусі свае імперскія комплексы», – паведамляецца на сайце арганізацыі.

ЮВ, belsat.eu, паводле mfront.net

Стужка навінаў