«Малады фронт» створыць вайскова-патрыятычную арганізацыю з філіямі ва ўсіх рэгіёнах


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=hKJzdeKu1OY&feature=youtu.be”][/vc_column][/vc_row]У Менску адбыўся IX з’езд «Маладога фронту». Пра яго рашэнні даведаецеся ў відэасюжэце «Белсату».

Сёння ў Менску з удзелам прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі адбылося другое паседжанне ІХ з’езду грамадскага аб’яднання «Малады фронт». Сесія традыцыйна распачалася з выканання гімну «Магутны Божа». У якасці запрошанага госця вітальнае слова сказаў Мікола Статкевіч.

На паседжанні вызначылі стратэгію і план дзейнасці арганізацыі да канца года, а таксама зацвердзілі канчатковы склад сойму. Менавіта яму было вырашана надаць статус кіроўнага органу, замест выбарнага старшыні ці сустаршыняў, як было дагэтуль.

«Пры такой схеме мы імкнемся як мага больш дакладна размеркаваць абавязкі, накірункі дзейнасці, таму што натуральна пры цэнтралізаваным кіраўніцтве старшыня або сустаршыні больш на сябе бяруць. Калі я мог асабіста прысвячаць 12 – 16 гадзін або 24 гадзіны ў суткі працы «Маладога фронту», я многія накірункі сам браў, каардынаваў і размяркоўваў. Цяпер, калі многія маладафронтаўцы з сем’ямі, з працамі, такой магчывасці няма – па 12 гадзін у суткі прысвячаць «Маладому фронту», – тлумачыць Зміцер Дашкевіч.

На папярэдняй сесіі ў верасні ў склад сойму былі абраныя 19 чалавек, сярод якіх Зміцер і Настасся Дашкевіч, Мікалай Дземідзенка, Эдуард Лобаў, Іван Шыла. На другім паседжанні яшчэ тры прапанаваныя кандыдаты – Тыгран Латышаў, Кірыл Цыганок і Цімафей Дранчук – па выніках галасавання 31-го з 35-ці прысутных дэлегатаў былі ўключаныя ў склад кіроўнага органу. Агулам у сойме 22 чальцы.

«Можа быць, калі раней арганізацыя асацыявалася з нейкім лідарам, больш людзей пра яе маглі ведаць. Але ёсць і плюсы – немагчыма рэпрэсаваць аднаго чалавека і гэтым спыніць дзейнасць», – працягвае Зміцер Дашкевіч.

«Малады фронт» выказаў заклапочанасць уплывам палітыкі Расеі ды распаўсюдам ідэяў «русского мира». Дзеля супрацьстаяння пагрозе дэлегаты прагаласавалі за стварэнне сеткі антыімперскіх клубаў, якія б мелі асветніцкі, інфармацыйны і патрыятычна-спартовы характар. На прапанову ж Мікалая Дземідзенкі дзеля абароны незалежнасці Беларусі было вырашана аднавіць вайскова-патрыятычную арганізацыю «Ваяр». На правах дружыны «Маладога фронту» у планах стварыць філіялы «Ваяра» ва ўсіх рэгіёнах краіны.

«Мы разумеем, што акрамя патрыятычнай пагрозы, пагрозы культурнай, у нас існуе пагроза вайсковая. У любым выпадку тое, што мы сёння дэкларавалі, – стварэнне арганізацыі – гэта не батальён, гэта не войска, гэта не супервайсковая арганізацыя, якая гатовая да рэальнага супраціву. Гэта пасыл таго, што мы будзем весці працу ў гэтым накірунку, што мы будзем ствараць грамадскія аб’яднанні, у якіх людзям будуць даводзіцца правільныя думкі, дзе моладзь зможа знайсці, куды прыйсці і атрымаць гэтыя веды», – тлумачыць прадстаўнік «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка.

Першая акцыя менскага антыімперскага клубу адбудзецца 12-га лістапада. Наступнае ж паседжанне сойму «Маладога фронту» запланаванае на 26-га снежня.

Юлія Лабанава

Стужка навінаў