«Малады фронт» будзе збіраць подпісы за бел-чырвона-белы сцяг цягам месяца


Актывісты грамадскага абʼяднання «Малады фронт» маюць намер цягам месяца збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства культуры аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пра пачатак збору подпісаў было абвешчана 19 верасня пасля завяршэння акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» ў Менску.

Першы подпіс пад зваротам паставіў актор і рэжысёр Павел Харланчук, паведамляе прэс-служба «Маладога фронту».

Глядзіце яшчэ >>> Фотарэпартаж са Свята нацыянальнай сімволікі ў Менску

Адзін з лідараў арганізацыі Дзмітрый Дашкевіч плануе збіраць подпісы кожны дзень, акрамя нядзелі. «У планах сабраць не менш за адну тысячу подпісаў, і гэта рэальна. Пасля працы я стаю на выхадзе са станцыі метро «Купалаўская» ў бок магазіна «Цэнтральны», кожную гадзіну падпісваецца каля дваццаці чалавек. Да кампаніі пачынаюць далучацца і іншыя актывісты, кожны з якіх таксама бярэ на сябе адказнасць сабраць тысячу подпісаў. Мяркуецца, што праз месяц мы панясем подпісы ў Міністэрства культуры», – сказаў Зміцер Дашкевіч.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў