Маладая гарадзенка атрымала 12 год турмы – транслявала ў інтэрнэце, як гвалціла свайго сына


Суд Ленінскага раёну Горадні прыгаварыў да 12 гадоў зняволення 23-гадовую гарадзенку, якая здзейсніла сексуальны гвалт у адносінах да свайго малалетняга сына.

Відэафайл з дзіцячай парнаграфіяй у інтэрнэце знайшла летам 2015 года дацкая паліцыя. Мяркуецца, што распаўсюджваць яе пачаў жыхар Нямеччыны. А сам запіс быў зроблены праз «Skype» падчас сеансу сувязі з карыстальнікам з Горадні. Потым высветлілася, што гарадзенскім абанентам была маладая дзяўчына, якая раней тройчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за занятак прастытуцыяй, падае telegraf.by са спасылкай на гарадзенскі сайт s13.ru.

Судовае следства даказала, што маладая маці дзеля грошай ад замежніка згвалціла свайго малога сына, што дэманстравалася праз інтэрнэт-трансляцыю.

Акрамя гэтага, падчас расследавання крымінальнай справы высветлілася, што жанчына мела несанкцыянаваны доступ да асабістай інфармацыі трэціх асоб, а таксама здзейсніла замах на несанкцыянаваны доступ да асабістай інфармацыі.

Маладую жыхарку прызналі вінаватай па некалькіх абвінавачваннях – гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга, несанкцыянаваны доступ да кампютарнай інфармацыі, замах на несанкцыянаваны доступ да кампютарнай інфармацыі.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання суд прызначыў ёй 12 гадоў у папраўчай калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Таксама суд спагнаў з жанчыны ўсю суму, атрыманую за трансляцыю дзеянняў сексуальнага характару супраць яе малалетняга сына.

Пракуратура Горадні накіравала ў суд заяву, каб пазбавіць 23-гадовую жанчыну бацькоўскіх правоў. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

МЯ, паводле telegraf.by, s13.ru

Стужка навінаў