Маладафронтаўцы пад расейскай амбасадай: «Расея – гэта вайна»

video

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» аштрафуюць за акцыю супраць «акупантаў».

Актывісты «Маладога фронту» прыйшлі пад расейскую амбасаду з патрабаваннямі вызваліць Надзею Саўчанку і плакатамі: «Не саюзу з Бандай!», «Пуцін акупант». Акцыя прымеркаваная да гадавіны Саюзу Беларусі і Расеі, які паўстаў 2 красавіка 1997 г.

«2 красавіка ў Беларусі і Расеі адзначаецца г.зв. дзень яднання народаў Беларусі і Расеі, хаця што і яднала нас усю гісторыю, дык гэта войны, у якіх Беларусь адстойвала сваё права на незалежнасць ад Расейскай імперыі. Тым больш барацьба за незалежнасць ад шавіністычнай Расеі актуальна цяпер, калі Арда распачала крывавую бойню ва Украіне і акупавала частку тэрыторыі суседняй дзяржавы», – адзначаецца ў прэс-рэлізе «Маладога фронту».

Некаторыя мінакі крытыкавалі ўдзельнікаў акцыі. Сярод іх быў мужчына, які назваў актывістаў «Маладога фронту» фашыстамі.

«Вы – фашысты. Вы забіваеце людзей толькі за тое, што яны размаўляюць па-расейску. Вам не сорамна прыходзіць сюды з нахабнымі мордамі», – крычаў мінак да ўдзельнікаў антырасейскай акцыі, калі тыя выкрыквалі «Чамадан, вакзал, Расея».

Падчас акцыі актывісты выканалі неафіцыйны гімн Беларусі «Магутны Божа». Праваахоўнікі склалі адміністратыўныя пратаколы практычна на ўсіх удзельнікаў акцыі.

За акцыяй сачылі два дзясяткі працоўнікаў сілавых структураў у цывільным, некаторыя з іх здымалі тое, што адбываецца, на відэакамеру. Таксама на акцыі прысутнічаў камандзір менскага АМАПу Дзмітрый Балаба ды іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкаму.

ЮВ, МР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары