«Малаамбітны» і «антырасейскі»: што пішуць пра саміт «Усходняга партнёрства» медыі?


Belsat.eu падтрыхтаваў дайджэст артыкулаў замежных медыяў пра рыжскую сустрэчу.

Samits kara ēnā: Саміт «Усходняга партнёрства», якое «не нашкодзіць інтарэсам Расеі»

Латышская газета даволі скептычна ацэньвае рыжскі саміт.

«Еўразвяз набліжаўся да саміту, як да выбухованебяспечнага прадмета, – без шуму і рэзкіх рухаў. Калі ў Вільне Мэркель пасля адмовы Януковіча падпісаць асацыяцыю сказала, што «Еўропа чакала большага», цяпер дэманстрацыя Пуціным сілы ва Украіне прымусіла многіх прадстаўнікоў ЕЗ ехаць у Рыгу з больш ці менш адкрытай пазіцыяй: ад гэтага саміту «мы чакаем меншага»… Пастаянна падкрэсліваецца, што «Усходняе партнёрства» не накіравана супраць нейкай трэцяй дзяржавы. Цяпер будзе «дыферэнцыраваны падыход» да кожнай краіны-удзельніцы праграмы. Гэта дазваляе Бруселю ўмыць рукі, калі нехта з партнёраў будзе ўсё больш аддаляцца ад заходніх стандартаў. Не будзем казаць нічога дрэннага пра беларускага дыктатара, таму што, у рэшце, наагул невядома, што супраць яго можна зрабіць. Гэта саміт у цені вайны»…

Вести: Кіеў не выканаў «хатнюю працу» для бязвізавага рэжыму з Еўропай

Таму, на думку журналіста, на рыжскім саміце Украіне прапануюць быць «суседам».

«У ЕЗ наспявае расчараванне ўкраінскімі ўладамі. Але, што важней, фармат Усходняга партнёрства сябе вычарпаў. Мы ж не хочам быць суседам, і на Майдане не за гэта стаялі, – лічыць палітолаг Вадзім Карасёў. – Мы завышаем патрабаванні да ЕЗ, забываючы пра сябе. Дзе нашы санкцыі супраць Расеі? Няўжо фабрыка ў Ліпецку важней?»

Delfi.lv: Украінскі крызіс адбіў жаданне на запуск амбіцыйных планаў у дачыненні да «Усходняга партнёрства»

Журналісты выдання пагутарылі з экспертамі пра магчымыя сцэнары развіцця саміту. Паводле аднаго з суразмоўцаў, палітычнага дарадцы ў Еўрапарламенце Эльдара Мамедава, максімум амбіцый – трымаць «Усходняе партнёрства» на паверхні вады да лепшых часоў.

«Публічна ніхто гэта не прызнае, але ўкраінскі крызіс адбіў жаданне на запуск амбіцыйных планаў у дачыненні да «Усходняга партнёрства». За Расеяй там прызнаюцца асаблівыя інтарэсы… Пра якія-небудзь прарывы трэба забыць. Праект дэкларацыі рыжскага саміту не ўтрымлівае ў сабе ніякіх канкрэтных рашэнняў, якія маглі б зацікавіць краіны «Усходняга партнёрства».

Армянская газета Shame.am: Мэта Рыжскага саміту – пашырэнне антырасейскай кааліцыі

«Хоць Брусель неаднаразова заяўляў, што Расея памылкова разглядае саміт «Усходняга партнёрства» як антырасейскі, аднак без сумневу яго праўдзівымі мэтамі не з’яўляюцца пытанні пашырэння супрацы і стварэння на тэрыторыі Еўропы прасторы, дзе пануюць прынцыпы міру і добрасуседства. Як раз наадварот, мерапрыемства ператворыцца ў пляцоўку для істэрычных нападак на Маскву, дзе будзе зроблена спроба пашырыць антырасейскую кааліцыю шляхам уключэння (дакладней – вербавання) у яе дзяржаў, якія яшчэ пакуль не з’яўляюцца членамі ЕЗ. Відавочна і іншае: Масква адрэагуе жорстка і прынцыпова. І пра гэта яна ўжо папярэджвае».

Dziennik.pl: Малаамбітны саміт «Усходняга партнёрства»? Эксперты: у ЕЗ няма прапановаў

«Украінскі крызіс паклаў цень на «Усходняе партнёрства». Патрэбныя новыя імпульсы для гэтай ідэі, – каментуе «Польскаму радыё» сітуацыю П’ер Вемонт (Pierre Viemont), былы высокапастаўлены дыпламат, а цяпер эксперт Інстытуту Карнэгі ў Еўропе. Пытанне ў тым, ці хоча гэтага ЕЗ, бо многія краіны асцярожнічаюць і не хочуць раздражняць Расею».

Wall Street Journal: Еўропа астыла да «усходніх партнёраў»

Паводле журналістаў амерыканскага выдання, Масква павінна застацца задаволенай канчатковай дэкларацыяй, якая будзе прынята на саміце.

«Брусель збіраецца непрыкметна аслабляць сваю прыхільнасць да пашырэння на ўсход. У цяперашнім праекце дэкларацыі няма нічога пра еўрапейскі выбар і яшчэ больш цесны саюз. Аб бязвізавым рэжыме з ЕЗ для грамадзянаў Украіны і Грузіі, увядзення якога чакалі многія, гаворкі не ідзе. Крэмль уварваўся на суверэнную еўрапейскую тэрыторыю ва Украіне і ясна даў зразумець, што яму ненавісны любы інтэграцыйны рух Еўразвяза на ўсход».

DW: Еўрапейскі саюз пакуль не гатовы на крокі, якіх чакаюць ад Бруселю

«Можна назваць заніжанымі чаканні ад саміту беларускай дэлегацыі. Збліжэнне з ЕЗ па візавым пытанні не плануецца, аднак Менск разлічвае на паглыбленне эканамічнай супрацы, якая б не змяняла ўжо існуючую архітэктуру адносін. Як лічыцца, у кулуарах паўстане пытанне аб хоць бы частковай адмене санкцый, накладзеных ЕС на цэлы шэраг беларускіх палітыкаў, уключаючы прэзідэнта Лукашэнкі і яго асяроддзе. Так, пад санкцыямі (забарона на ўезд на тэрыторыю ЕЗ) знаходзіцца і кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, які прыедзе ў Рыгу прадстаўляць беларускія ўлады. Дзеянне санкцый у дачыненні да яго толькі прыпынена».

Gazeta.ru: Саміт «ваеннага часу». Ніхто не чакае прарыву

«Беларусь сёння актыўна ўмацоўвае адносіны з еўрапейскімі краінамі і нават пасылае сігналы NATO пра гатовасць да супрацы… Ва ўмовах украінскага крызісу прастора для дыялогу з Беларуссю пашырылася, але казаць пра «перазагрузку» цяжка, асабліва з улікам беларускіх прэзідэнцкіх выбараў, якія хутка будуць, і хутчэй за за ўсё не дапамогуць працэсу паляпшэння адносін… На саміце будзе абмяркоўвацца нямала балючых для Масквы пытанняў. Пры гэтым расейскія эксперты ўпэўненыя, што цікавасць да «Усходняга праекту» істотна знізілася, і не чакаюць прарываў ад сустрэчы ў Рызе».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў